Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца XXXIII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 10, 8–11 
Вазьмі і праглыні кнігу

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, чуў голас з неба, які зноў гаварыў са мною і казаў: Ідзі, вазьмі разгорнутую кнігу з рукі Анёла, які стаіць на моры і на зямлі.

І я пайшоў да Анёла, і сказаў яму: Дай мне кніжку. Ён адказаў мне: Вазьмі і праглыні яе. Яна будзе горкая для жывата твайго, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд. І ўзяў я кніжку з рукі Анёла, і праглынуў яе. У вуснах маіх яна была салодкая, як мёд. А калі з’еў яе, то горка зрабілася ў жываце маім.

І сказалі мне: Ты зноў павінен прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і пра многіх каралёў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 14 і 24. 72 і 103. 111 і 131 (Р.: 103а)

Рэфрэн: Якія салодкія словы Твае, Пане.

14. Шляху сведчанняў Тваіх я радуюся *
больш за ўсе багацці.
24. Тваё ж сведчанне — гэта маё суцяшэнне, *
парада для мяне.

Рэфрэн:

72. Закон вуснаў Тваіх для мяне лепшы, *
чым мноства золата і срэбра.
103. Якія салодкія словы Твае для майго паднябення, *
саладзейшыя за мёд для маіх вуснаў.

Рэфрэн:

111. Твае сведчанні — мая спадчына навекі, *
бо яны радасць майго сэрца.
131. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, *
бо прагну запаведзяў Тваіх.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 27

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 45–48
Вы зрабілі з Божага дома логава злодзеяў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус увайшоў у святыню і пачаў выганяць гандляроў, кажучы ім: Напісана: дом Мой ёсць домам малітвы, а вы зрабілі з яго логава злодзеяў.

І штодня вучыў у святыні. Але першасвятары, і кніжнікі і старэйшыя народу шукалі, як забіць Яго. І не знаходзілі, што ўчыніць Яму, бо ўвесь народ, затаіўшы дыханне, слухаў Яго.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Наша нутро павінна быць чыстым

Для выбранага народу святыня на Сыёне павінна была быць жыллём Бога, а гэта значыць месцам сапраўды святым. Павінна была, таму што з-за гандлю стала логавам злодзеяў. Езус, сапраўдны Бог, уваходзіць у Свой дом і пачынае наводзіць у ім парадак. Гэта месца павінна быць чыстым. Ён асвячае яго Сваёй прысутнасцю, чынам і словам, і гэта перамяняе святыню ў сапраўдны дом малітвы і пашаны Бога. Гэта святыня прамінула. Цяпер ёю з’яўляемся мы – тыя, хто верыць у Хрыста. Хрысціяне – гэта жыллё Святога Духа, Які нас асвячае і дае поўную лучнасць з Богам. Наша нутро павінна быць чыстым, каб было годнае прыняць Бога. Грэх жа робіць нас логавам злодзеяў.

Пане, затаіўшы дыханне, слухаю Цябе. Прыйдзі да майго сэрца, ачысці і асвяці яго Тваёй прысутнасцю. А калі патрэбна, то павыкідвай усё, што ў ім бруднае і нягоднае Цябе.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Пятніца, Разважанні

Друкаваць