Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак XXXIII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 1, 1–4; 2, 1–5а 
Таму ўзгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся

Пачатак кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Аб’яўленне Езуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць слугам сваім, што неўзабаве павінна адбыцца. І Ён паказаў гэта, паслаўшы свайго Анёла да слугі свайго Яна, які засведчыў пра слова Божае і сведчанне Езуса Хрыста ўсё, што бачыў.

Шчаслівы, хто чытае і слухае словы прароцтва гэтага і захоўвае напісанае ў ім, бо час блізкі.

Ян — сямі Касцёлам у Азіі: ласка вам і спакой ад таго, які ёсць, і быў, і прыходзіць, і ад сямі духаў, што перад Ягоным тронам.

Я пачуў Пана, які казаў мне:

Напішы Анёлу эфескага Касцёла: Так кажа той, хто трымае сем зорак у сваёй правіцы, хто ходзіць сярод сямі залатых светачаў. Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасць тваю, і тое, што ты не можаш зносіць злых, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, але імі не з’яўляюцца, і выкрыў, што яны ашуканцы. Ты маеш цярплівасць і пакутваў дзеля імя Майго, і не знямогся.

Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў. Таму ўзгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі так, як ты рабіў спачатку.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6 (Р.: Ап 2, 7b)

Рэфрэн: Пераможцу дам есці з дрэва жыцця.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных, *
і між насмешнікаў не засядае;
2. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

3. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:

4. Не такі лёс бязбожных: *
яны, як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 8, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — святло свету, — кажа Пан, —
хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 18, 35–43
Што хочаш, каб я зрабіў табе? — Пане, каб я зноў бачыў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое. Яму сказалі, што гэта праходзіць Езус Назаранін. Тады ён закрычаў: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною.

Тыя, хто ішоў наперадзе, загадвалі яму, каб замоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною.

Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. І калі той наблізіўся да Яго, спытаўся: Што хочаш, каб я зрабіў табе? Ён сказаў: Пане, каб я зноў бачыў. Езус сказаў у адказ: Будзь відушчым, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, аддаў хвалу Богу.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Просім, каб мы сталі відушчымі

Пытанне Езуса можа здавацца нам дзіўным, бо чаго яшчэ мог чакаць сляпы чалавек, як не таго, каб нарэшце бачыць. Яго просьба была споўнена, дзякуючы чаму ён ішоў далей, славячы Бога. Езус вяртае зрок сляпому і выводзіць яго яшчэ з іншай цемры. Гэта аздараўленне адбываецца ў Ерыхоне, горадзе, які размяшчаецца на самым нізкім месцы зямлі. Гэта можа сімвалізаваць глыбіню людскога граху. Езус выводзіць з яе чалавека і скіроўвае яго ў адпаведны бок – да паўнаты святасці, да Бога. Просім Езуса, каб падобна таму, як аздаравіў сляпога з Евангелля, Ён аздаравіў вочы нашага сэрца, якія дапамагаюць нам адрозніваць дабро ад зла і заўсёды бачыць тое, што з’яўляецца праўдзівай любоўю.

Хрыстэ, Ты ведаеш прагненні майго сэрца, але чакаеш, каб я гучна выказаў просьбу аб добрым. Таму прашу Цябе, каб я стаў відушчым і хадзіў ужо толькі ў Тваім святле.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Панядзелак, Разважанні

Друкаваць