Пятніца XXXII звычайнага тыдня, год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Ян 4–9
Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына
Чытанне Другога паслання святога апостала Яна.
Выбраная Пані, я вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў сярод тваіх дзяцей такіх, якія паступаюць згодна з праўдаю паводле запаведзі, якую мы атрымалі ад Айца. І цяпер прашу цябе, Пані, не як новую запаведзь пішучы табе, але тую, якую маем ад пачатку, каб мы любілі адно аднаго.
Любоў заключаецца ў тым, каб мы паступалі паводле Ягоных запаведзяў. А запаведзь гэтая тая, як вы чулі ад пачатку, каб вы паступалі паводле яе. Бо шмат падманшчыкаў прыйшло ў свет, якія не прызнаюць, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе. Такі чалавек ёсць падманшчыкам і антыхрыстам. Сачыце за сабою, каб не страцілі таго, над чым мы працавалі, але каб атрымалі поўную ўзнагароду. Кожны, хто выходзіць наперад і не трывае ў вучэнні Хрыста, не мае Бога. Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 1–2. 10–11. 17–18 (Р.: 1b)
Рэфрэн: Шчаслівыя, якія ходзяць у Законе Пана.
1. Шчаслівыя тыя, чый шлях беззаганны, *
якія ходзяць у Законе Пана.
2. Шчаслівыя тыя, хто захоўвае Ягоныя сведчанні, *
усім сэрцам шукаюць Яго.
Рэфрэн:
10. Усім сваім сэрцам я Цябе шукаю, *
не дай мне адхіліцца ад Тваіх запаведзяў.
11. У сэрцы маім я схаваў Тваё слова, *
каб не зграшыць перад Табою.
Рэфрэн:
17. Праяві ласкавасць да свайго слугі, і буду жыць, *
і захоўваць Тваё слова.
18. Адкрый мае вочы, *
каб я ўбачыў цуды Твайго Закону.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 21, 28
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя,
бо набліжаецца адкупленне вашае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 17, 26–37
У той дзень з’явіцца Сын Чалавечы
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага. Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, калі ўвайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і знішчыў усіх. Таксама было і ў дні Лота. Елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі. Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліліся з неба агонь і сера і знішчылі ўсіх. Так будзе і ў той дзень, калі з’явіцца Сын Чалавечы.
У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх. І хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад. Узгадайце жонку Лота.
Хто паспрабуе захаваць жыццё сваё, той загубіць яго, а хто загубіць яго, той ажывіць яго. Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца; дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другую пакінуць.
У адказ сказалі Яму: Дзе, Пане?
А Ён сказаў ім: Дзе мёртвае цела, там збяруцца і грыфы.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля: Быць чуйнымі
Езус узгадвае вялікія і страшныя падзеі са Старога Запавету: патоп і знішчэнне Садомы. Кніга Быцця паказвае Божую кару ў вобразах прыродных стыхій: найперш вады, а потым агня, якія спадаюць з неба. Яны мелі страшэнную моц, бо знішчылі ўсіх, супраць каго былі накіраваныя. Усё гэта было выклікана тым, што людзі згубілі чуйнасць і не захоўвалі Бажыя запаведзі. Праз успамін гэтых страшных падзей Езус хоча перасцерагчы сваіх вучняў ад такіх самых памылак. Сапраўды, мы павінны быць чуйныя, таму што час другога прыйсця Езуса невядомы. Але гэта дакладна так, як тое, што да мёртвага цела збіраюцца грыфы. Не дазволім, каб нас звялі антыхрысты. Будзем жа чакаць Езуса і дапамагаць у гэтым іншым.
Хрысце, з надзеяй і радасцю чакаю Твайго прыйсця. Чуванне і вытрывалая малітва – гэта каўчэг, які сцеражэ мяне ад зла гэтага свету і дазваляе бяспечна ісці да Цябе.
Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Пятніца, Разважанні