Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

9 лістапада – Cвята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 47, 1–2. 8–9. 12 
Бачыў ваду, што выцякала з-пад святыні, і ўсе, да каго дасягала вада гэтая, былі збаўлены

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

У тыя дні:

Анёл вярнуў мяне да ўваходу ў святыню. І вось выцякала вада з-пад парога святыні на ўсход, бо тая святыня звернута на ўсход. А вада выцякала з-пад правага боку святыні на поўдзень ад алтара.

І сказаў мне: Гэтая вада выходзіць на ўсходні абшар, сыходзіць у стэп і ўпадае ў мора, і, патрапіўшы ў мора, аздаравіцца вада. І кожная жывая істота, якая кішыць там, куды ўвойдзе паток, будзе жыць. І рыбы будзе вельмі шмат, бо куды ўвойдзе гэтая вада, усё аздаравіцца. І там, куды ўвойдзе гэты паток, будзе жывым усё. А над патокам, на беразе яго з гэтага і з таго боку будзе расці ўсялякае дрэва, што дае ежу. І лісце не будзе ападаць з яго, і плады яго не скончацца. І кожны месяц будзе прыносіць новы плён, бо вада для яго выходзіць са святыні. І будзе плод яго для ежы, а лісце для лекаў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 46 (45), 2–3. 5–6. 8–9 (Р.: пар. 5)

Рэфрэн: Патокі весяляць шатры Найвышэйшага.

2. Бог — наша прыстанішча і сіла, *
надзейная дапамога ў нядолі.
3. Таму не будзем баяцца, †
калі б нават затрэслася зямля, *
і горы ўпалі ў сярэдзіну мора.

Рэфрэн:

5. Патокі рачныя весяляць горад Божы, *
святыя шатры Найвышэйшага.
6. Бог пасярод яго, і ён не пахіснецца, *
Бог дапаможа яму, калі прыйдзе світанак.

Рэфрэн:

8. Пан Магуццяў з намі, *
цвярдыня наша — Бог Якуба.
9. Прыйдзіце і пабачце справы Пана, *
якія ўчыніў Ён на зямлі.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 3, 9с–11. 16–17 
Вы святыня Божая

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Вы — будоўля Божая. Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе, бо ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус.

Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас? Калі хто зруйнуе святыню Божую, таго зруйнуе Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кр 7, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я выбраў і асвяціў гэтае месца, — кажа Пан, —
каб Маё імя было там навекі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 2, 13–22 
Казаў пра святыню цела свайго

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Ерузалем. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне.

На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць? Езус сказаў ім у адказ: Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе.

І сказалі юдэі: Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?

Казаў пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Дом нашага Айца

Святыня, якую Езус называе домам Свайго Айца, з’яўляецца таксама Яго домам згодна са словамі: “Усё перададзена Мне Айцом Маім” (Лк 10, 22). Таму Ён так востра выступіў супраць зла. якое адбывалася ў святыні. Яе ачышчэнне вынікае з закону, які Бог даў людзям. Таму гнеў Езуса – гэта выраз клопату аб захаванні запаведзяў. Выгнанне прадаўцоў са святыні – гэта выраз клопату аб тым, каб быў шанаваны толькі Бог, каб Яго Імя не ўжывалася дарэмна, каб прастора святыні магла добра служыць чалавеку ў святкаванні Панскага дня. Сёння кожны чалавек павінен адчуваць у касцёле, што прабывае ў тым, што прыналежыць Богу, у прасторы вольнай ад падману, злачынства і нячыстасці.

Пане, Тваё Змёртвыхпаўстанне зрабіла таксама з мяне святыню, у якой жыве Бог. Дзякуючы Тваёй ласцы ачышчаю сваё сэрца ад усяго, што працівіцца святасці гэтага месца.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Свята, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч