Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак XXXII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 14, 14–19 
Прыйшоў час жніва, таму што жніво на зямлі саспела

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, бачыў: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На галаве ў Яго залаты вянок, а ў руцэ ягонай востры серп. І выйшаў другі Анёл са святыні, і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: Пашлі серп твой і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што жніво на зямлі саспела. Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была пажата.

І другі Анёл выйшаў са святыні, якая была на небе, і ён меў востры серп. І іншы Анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад ахвярніка і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: Пашлі востры серп твой і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо саспелі яго ягады. І кінуў Анёл серп свой на зямлю, і сабраў вінаграград на зямлі, і кінуў у вялікае давіла Божага гневу.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 96 (95), 10. 11–12. 13 (Р.: 13b)

Рэфрэн: Пан прыходзіць судзіць зямлю.

10. Кажыце між плямёнамі: *
Пан валадарыць.
Ён сусвет умацаваў, каб не пахіснуўся. *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн:

11. Няхай радуюцца нябёсы і весяліцца зямля, *
няхай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе.
12. Няхай усцешыцца поле і ўсё, што на ім, *
няхай усклікаюць тады ўсе дрэвы лясныя.

Рэфрэн:

13. Перад абліччам Пана, які прыходзіць, *
які прыходзіць судзіць зямлю.
Ён будзе судзіць свет справядліва, *
а народы паводле сваёй праўды.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ап 2, 10c

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Будзь верны аж да смерці, — кажа Пан, —
і Я дам табе вянок жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 21, 5–11
Не застанецца камня на камяні

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены.

І спыталіся ў Яго: Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?

Ён сказаў: Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы «гэта Я», — і: «наблізіўся час». Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу.

Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Разважанні

Друкаваць