Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Панядзелак XXXII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ціт 1, 1–9 
Каб ты прызначыў прэзбітэраў, як я наказваў табе

Пачатак Паслання святога апостала Паўла да Ціта.

Павел, слуга Божы і апостал Езуса Хрыста, дзеля веры выбраных Божых і спазнання праўды адносна пабожнасці, у надзеі на вечнае жыццё, якое спрадвеку абяцаў праўдзівы Бог, а ў адпаведныя часы з’явіў сваё слова ў прапаведаванні, давераным мне паводле загаду Збаўцы нашага, Бога — Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.

Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты прывёў у парадак тое, што засталося незакончаным, і прызначыў па гарадах прэзбітэраў, як я наказваў табе, калі толькі гэта будзе чалавек бездакорны, муж адной жанчыны, які мае веруючых дзяцей, неабвінавачаных у распусце ці непаслухмянасці. Таму што біскуп павінен быць бездакорны, як Божы эканом, не дзёрзкі, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы, але гасцінны, дабралюбны, разважлівы, справядлівы, пабожны, стрыманы, які трымаецца, згодна з вучэннем, праўдзівага слова, каб быў моцны, мог заахвочваць у здаровым вучэнні і пераконваць тых, хто супярэчыць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 24 (23), 1–2. 3–4аb. 5–6 (Р.: пар. 6)

Рэфрэн: Гэта народ верны, які шукае Пана.

1. Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй,*
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.
2. Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.

Рэфрэн:

3. Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?
4. Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, *
хто не схіляў душы да марнасці.

Рэфрэн:

5. Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду ад Бога, свайго Збаўцы.
6. Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае абліччаТвайго, Бог Якуба.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Флп 2, 15–16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Ззяеце, нібы светачы, у свеце,
трымаючы слова жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 17, 1–6 
Калі сем разоў на дзень звернецца да цябе, кажучы: Каюся, — даруй яму

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Немагчыма, каб не прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго прыходзяць. Лепш было б таму, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора, чым калі б стаў ён прычынаю падзення аднога з гэтых малых.

Сачыце за сабою. Калі ж брат твой зграшыць супраць цябе, дакары яго, а калі пакаецца, даруй яму. І калі сем разоў на дзень зграшыць супраць цябе і сем разоў звернецца да цябе, кажучы: Каюся, — даруй яму.

І сказалі Апосталы Пану: Дадай нам веры. Пан сказаў: Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора, — і яна б паслухалася вас.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля:Толькі Бог не падводзіць

Нас можа здзіўляць такая просьба апосталаў у той час, калі Езус кажа пра згаршэнні. Аднак насамрэч патрэбна вялікая вера, калі з жалем глядзім на смутныя падзеі ў сям’і, на працы, на вучобе, ва ўрадзе, у дзяржаве, а нават у Касцёле. Тады сапраўды патрэбна вера ў другога чалавека і Бога. Яна можа зменшыцца і знікнуць, калі тыя, якія павінны быць адказнымі пастырамі, праз свае нягодныя паводзіны вядуць на згубу іншых. Толькі Бог ніколі не падвядзе. Таму чалавек заўсёды можа з даверам да Яго звяртацца, прасіць аб веры, якая пераменіць людзей і дасць сілу прабачаць грэшнікам. Гэтаму вучаць праз сваё пытанні апосталы, адказныя пастыры.

Езу, прашу Цябе, каб Ты ўзмацніў маю веру, таму што я не хачу ўпасці з прычыны згаршэння і не хачу яму паддацца. Прагну ўмець прабачаць і праз гэта паказваць Тваю хвалу.

Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Панядзелак

Друкаваць

  • Студзень
    2018

    Тэатр Зніч

  • У Мінску пройдзе малітоўна-музычная сустрэча, прысвечаная памяці Адама Міцкевіча

    Штогод 24 снежня ля помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску ў аднайменным скверы праходзяць «Калядныя сустрэчы», прысвечаныя памяці паэта і патрыёта сваёй Айчыны, які нарадзіўся менавіта ў гэты дзень. Сёлета таксама да ўдзелу ў імпрэзе запрашаюцца ўсе жадаючыя.

  • Снежань
    2017

    Тэатр Зніч

  • У чаканні Божага прыйсця...

    Моладзь Чырвонага касцёла прапануе ўсім ахвотным далучыцца да дабрачыннай акцыі “Калядная паштоўка”. На працягу Адвэнту з панядзелка па пятніцу пасля св. Імшы а 19 гадзіне збіраецца творчая група, каб сваімі рукамі ствараць віншавальныя паштоўкі да свята Божага Нараджэння. Сродкі ад іх рэалізацыі будуць скіраваныя на падтрымку дзіцячага дома ў Смалявічах.

  • Расклад начных чуванняў у мінскім Чырвоным касцёле на 2017-2018 гг.

    У парафіі Св. Сымона і Св. Алены (Чырвоны касцёл) ад кастрычніка да мая кожную першую суботу месяца будуць праходзіць начныя чуванні, прысвечаныя перапрашэнню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.

  • У архідыяцэзіі завяршаецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай (+праграма)

    15 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вернецца ў мінскую архікатэдру — святыню, з якой год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя па парафіях архідыяцэзіі.