Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Чацвер XXXI звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 3, 3–8а
Што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Мы прымаем абразанне, калі служым у Божым Духу і ганарымся ў Хрысце Езусе, а не спадзяёмся на цела, хоць я магу спадзявацца і на цела. Калі хто іншы спадзяецца на цела, то тым больш я, абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраэля, з пакалення Бэньяміна, габрэй ад габрэяў, паводле Закону — фарысей, паводле руплівасці — ганіцель Касцёла, паводле справядлівасці Закону — беззаганны.

Але што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, Пана майго.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 105 (104), 2–3. 4–5. 6–7 (Р.: 3b)

Рэфрэн: Няхай радуюцца тыя, хто шукае Пана.
Або: Аллелюя.

2. Спявайце і грайце Яму псальмы, *
распавядайце пра ўсе Ягоныя цуды.
3. Ганарыцеся імем Яго святым, *
няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана.

Рэфрэн:

4. Шукайце Пана і Яго моцы, *
шукайце заўсёды Яго аблічча.
5. Памятайце пра цуды Ягоныя, якія ўчыніў, *
пра знакі Яго і суды вуснаў Ягоных.

Рэфрэн:

6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
7. Ён Пан Бог наш, *
па ўсёй зямлі Яго правасуддзе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 11, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас, — кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 15, 1–10
На нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.

Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку.

Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.

Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць свечкі і не пачне вымятаць дом і пільна шукаць, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак ды скажа: цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму.

Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля

Аб чым бы не вучыў Езус, Ён заўсёды гэтак жа і чыніць. Не толькі кажа ў прыпавесці, наколькі важны кожны чалавек, але таксама выражае гэта сваёй паставай: сядае за стол з тымі, кім пагарджалі “прыстойныя” людзі. Наша заданне – гэта паверыць у Яго верную і бясконцую любоў да кожнага чалавека. Яго клопат мы лягчэй распазнаём тады, калі самі лічым сябе згубленай авечкай. Трывалае перакананне, што мы з’яўляемся адной з дзевяцідзесяці дзевяці бездакорных авечак, можа зачыніць нашы вочы на Яго любоў.

Геранім Качмарэк OP, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Чацвер, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч