Панядзелак XXXI звычайнага тыдня, год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 2, 1–4
Дапоўніце радасць маю, каб вы думалі тое самае
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Калі ёсць які заклік ў Хрысце, калі ёсць якое падбадзёрванне любові, калі ёсць якая лучнасць духа, калі ёсць якое сардэчнае спачуванне, то дапоўніце радасць маю, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі. Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 131 (130), 1. 2. 3
Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.
1. Пане, маё сэрца не ганарыцца *
i не ўзнімаюцца мае вочы,
я не ганяўся за вялiкiм *
і тым, што недасяжна для мяне.
Рэфрэн:
2. Але суцяшаў і супакойваў маю душу; †
як немаўля, аднятае ад грудзей сваёй мацi,*
душа мая ўва мне, як аднятае немаўля.
3. Няхай Iзраэль спадзяецца на Пана *
адгэтуль i навекi.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 8, 31b–32
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Калі будзеце трываць у слове Маім, вы сапраўды вучні Мае,
і пазнаеце праўду, — кажа Пан.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 14, 12–14
Не кліч сяброў тваіх, але кліч убогіх, калекаў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе ў адказ не паклікалі, і ты атрымаў бы адплату.
Але, калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых.
Гэта слова Пана.
Разважанне да Евангелля: Сапраўднае шчасце ў бескарыслівасці
Заклік да таго, каб запрашаць убогіх, калекаў, кульгавых і невідушчых, разам з запэўненнем у шчасці здаецца пазбаўленым рэальнасці. У наш час стала модным раздаваць запрашэнні тым, ад каго спадзяёмся атрымаць не толькі адплату тым самым, але і пэўную карысць. Гэта тая адплата, ад якой перасцерагае Езус. Мы павінны наследваць Бога. Наша непаслухмянасць, іншымі словамі, грэшнае жыццё ўчыніла, што ў духоўным сэнсе мы былі калекамі, кульгавымі і невідушчымі. Тады менавіта Бог аказаў нам Сваю міласэрнасць. Яна праяўляецца ў тым, што Бог запрасіў нас на гасціну ў Нябеснае Валадарства. Гэту радасць мы дасвядчаем таксама тут, калі карыстаем з сакрамэнтаў.
Езу, Ты вучыш, што праўдзівае шчасце заключаецца ў бескарыслівасці, калі мы даём сябе і не чакаем адплаты. Гэта адзіны спосаб, каб аказаць міласэрнасць і зведаць міласэрнасць.
Разважанні кс. Марыуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Разважанні