Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

28 кастрычніка — свята св. Сымона і Юды, апосталаў

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 2, 19–22
Умацаваныя на падмурку апосталаў

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 19 (18), 2–3. 4–5 (Р.: 5а)

Рэфрэн: Па ўсёй зямлі расходзіцца іх голас.

2. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, *
пра справу рук Яго расказвае небасхіл.
3. Дзень дню апавядае слова, *
ноч ночы адкрывае веды.

Рэфрэн:

4. Няма мовы, і няма слоў, *
але чуецца іх голас.
5. Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх гук, †
да межаў сусвету словы іхнія. *
Для сонца там шацёр у іх.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Цябе, Божа, праслаўляем, Цябе, Пане, вызнаём;
Цябе, Пане, праслаўляе слаўны хор апосталаў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 6, 12–19
Выбраў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.

У тыя дні:

Езус узышоў на гару памаліцца і правёў ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея, Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зілотам, Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.

Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне. І быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжных ваколіц Тыра і Сідона.

Яны прыходзілі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся. І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што ад Яго сыходзіла сіла і вылечвала ўсіх.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля.

Езус паклікаў апосталаў, каб яны абвяшчалі Добрую Навіну, аздараўлялі і вызвалялі ад нячыстых духаў. Сёння мы збіраемся на Эўхарыстыю, каб дзякаваць Богу за святых апосталаў Сымона і Юду Тадэвуша. Езус выбраў іх пасля доўгай малітвы на гары. Пасля паслаў. Таксама кожны з нас пакліканы да пэўнай апостальскай дзейнасці ў сваім штодзённым жыцці. Калі мы хочам добра выконваць сваё пакліканне, мы павінны пачынаць з малітвы. Той, хто трывае з Езусам на малітве, можа шмат у чым дапамагчы людзям, а нават у справах цяжкіх і безнадзейных, як св. Юда Тадэвуш.

Малгажата Дурноўска, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Святыя Сымон і Юда, апосталаў

Апостал Сымон перад тым, як далучыўся да супольнасці Дванаццаці, належаў да палітычна-рэлігійнай жыдоўскай групоўкі, члены якой называлі сябе зэлотамі (арамейск. кананітамі) — руплівымі, змагарамі. Пасля ўваскрасення Хрыста ён абвяшчаў Евангелле ў асноўным у Егіпце і Арменіі.

Апостал Юда Тадэвуш, які падчас развітання з Хрыстом спытаўся ў Яго: «Пане, чаму Ты хочаш аб’явіць сябе нам, а не свету?» — напачатку абвяшчаў Евангелле ў Эдэсе, дзе ахрысціў мясцовага цара і ўсіх яго падданых. У знак падзякі за гэта цар Эдэсы падараваў апосталу выяву Хрыста, якую Юда Тадэвуш заўсёды насіў на грудзях.

Паводле паданняў, абодва гэтыя апосталы вялі місіянерскую дзейнасць у Сірыі, Персіі і Месапатаміі і разам былі забітыя дубінамі каля 71 г. (па іншых звестках, Сымон быў распілаваны). Св. апостал Сымон з’яўляецца апекуном дрывасекаў і лясных работнікаў, а заступніцтва св. Юды Тадэвуша просяць у бязвыхадных сітуацыях.

Паводле catholic.by

Меткі: Свята, Аўторак, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч