Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер XXX звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 6, 10–20
Прыміце зброю Божую, каб вы маглі, усё адолеўшы, выстаяць

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Нарэшце, браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць Панаванняў, супраць Уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.

Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.

Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.

Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам ў кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 144 (143), 1. 2. 9–10 (Р.: 1а)

Рэфрэн: Благаслаўлёны Пан, мая цвярдыня.

3. Благаслаўлёны Пан, *
мая цвярдыня,
Ён рукі мае прывучае да змагання, *
а пальцы мае — да вайны.

Рэфрэн:

4. Ён — міласэрнасць мая і цвярдыня, *
прыбежышча маё і мой Збаўца.
Ён шчыт мой, я на Яго спадзяюся, *
Ён робіць мой народ падданым мне.

Рэфрэн:

9. Божа, новую песню Табе заспяваю, *
на дзесяціструннай арфе заспяваю Табе.
10. Ты даеш перамогу каралям, *
Ты ўратаваў слугу свайго Давіда ад мяча ліхога.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Лк 19, 38; 2, 14

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Благаслаўлёны Кароль, які ідзе ў імя Пана;
спакой у небе і хвала на вышынях!
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 13, 31–35
Немагчыма, каб прарок загінуў па-за Ерузалемам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той дзень прыйшлі некаторыя з фарысеяў і казалі Езусу: Ідзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.

І сказаў ім: Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: вось выганяю злых духаў і аздараўляю сёння і заўтра, і на трэці дзень скончу. Аднак мне трэба хадзіць сёння, заўтра і ў наступны дзень, бо немагчыма, каб прарок загінуў па-за Ерузалемам.

Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка сваіх птушанят пад крылы, і вы не хацелі. Вось вам застаецца дом ваш. Бо кажу вам, што не ўбачыце Мяне, пакуль не прыйдзе час, калі скажаце: Благаслаўлёны той, хто ідзе ў імя Пана!

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля.

Езус прадказвае сваю смерць. Паміраючы на Крыжы, Ён стаў ахвярай спаленай агнём Божага гневу. Гэты хрост быў канчатковы. Ён знішчыў тое, што старое і даўняе, а распаліў тое, што новае. Гэта агонь, які па словах св. Эфрэма, калісьці сышоў як кара на грэшнікаў. Езус – гэта той, хто поўнасцю прыняў агонь Божага гневу на сябе замест людзей. На крыжы стары агонь быў згашаны раз і назаўсёды, каб мог быць распалены новы агонь ласкі і міласэрнасці. Таму Езус выражае пргненне, каб ён разгарэўся. У смерці Езуса ва ўсёй паўнаце аб’явіўся Айцец, які багаты на міласэрнасць. Выбар любові і абвяшчэнне Бога павінен стаць важнейшым нават за адносіны з найбліжэйшымі.

Малгажата Дурноўска, „Oremus”

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Чацвер, Разважанні

Друкаваць