Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак XXX звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 5, 21–32
Вялікая таямніца гэта, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай.

Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Пану, бо муж — галава жонкі, як і Хрыстус — галава Касцёла. Ён — Збаўца Цела. Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім.

Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго, ачысціўшы купеллю вады ў слове, каб Ён з’явіўся перад Ім слаўным Касцёлам, які не мае плямы, ці заганы, ці чаго-небудзь падобнага, і каб ён быў святы і беззаганны.

Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстус свой Касцёл; бо мы члены Цела Ягонага.

Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Вялікая таямніца гэта, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 128 (127), 1–2. 3. 4–5 (Р.: 1а)

Рэфрэн: Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана.

13. Шчаслівы кожны, хто баіцца Пана,
хто ходзіць Ягонымі шляхамі.
14. Плён працы рук сваіх будзеш спажываць,
будзеш шчаслівы і добра табе будзе.

Рэфрэн:

15. Жонка твая, як урадлівая вінаградная лаза *
ў сценах дому твайго.
Сыны твае, як аліўкавыя парасткі, *
вакол стала твайго.

Рэфрэн:

16. Вось так будзе благаслаўлёны чалавек, *
які баіцца Пана.
17. Няхай благаславіць цябе Пан з Сіёну, †
і ўбачыш дабрабыт Ерузалема *
ва ўсе дні жыцця твайго.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пар. Мц 11, 25

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі,
бо таямніцы Валадарства Ты аб’явіў дзецям.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 13, 18–21
Вырасла зерне і стала вялікім дрэвам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час

Езус сказаў: Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у садзе сваім. І вырасла яно, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галлі ягоным.

І зноў сказаў: З чым параўнаю Валадарства Божае? Яно падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж ўсё скісла.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Засяваць зярнятка, якое дасць багаты плён

Чалавек не можа ўчыніць штосьці вялікае, калі мае няшмат. Што ж можна зрабіць з тым, што Езус вобразна паказаў як маленькае гарчычнае зерне альбо лыжка закваскі? У такіх сітуацыях мы хутчэй чакаем, што калісьці надыйдзе адпаведны момант, які прынясе жаданую перамену. Езус кажа, што можы быць зусім інакш. З таго, што малое, як гэта гарчычнае зярнятка, канчаткова можа вырасці штосьці надзвычай вялікае, нават большае за ўсе іншыя дрэвы. Таксама невялікая колькасць закваскі можа надаць уласцівы смак усяму цесту. Такім павінна быць жыццё вучня Езуса. Кожным словам і ўчынкам трэба засяваць зярнятка, якое прынясе багаты плён і запэўні ўласцівы смак.

Езу, Тваё Валадартва не з гэтага свету, таму не падобнае да яго і развіваецца зусім інакш. Шчаслівая невялікая колькасць, якая становіцца цудоўнай велічынёй.

Разважанні кс. Марыуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Субота, Разважанні

Друкаваць