Панядзелак XXX звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 32 — 5, 8
Паступайце ў любові, як і Хрыстус

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.

Дык вось, наследуйце Бога, як дзеці ўмілаваныя, і паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас, і аддаў Сябе за нас як дар і ахвяру Богу на прыемны пах.

А распуста, і ўсялякая нячыстасць, і сквапнасць няхай нават не згадваюцца сярод вас, як гэта належыць святым. Таксама і брыдота, і пустаслоўе, і непрыстойныя жарты недапушчальныя. Наадварот, няхай лепш будзе падзяка. Напэўна ведайце, што ніякі распуснік, або нячысты, ці сквапны, гэта значыць ідалапаклоннік, не мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.

Няхай ніхто не зводзіць вас марнымі словамі, бо праз гэта прыходзіць гнеў Божы на непаслухмяных сыноў. Не будзьце ж іх супольнікамі. Вы калісьці былі цемрай, а цяпер вы святло ў Пану. Паступайце, як дзеці святла.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6 (Р.: пар. Эф 5, 1)

Рэфрэн: Наследуйце Бога, як дзеці ўмілаваныя.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных, *
і між насмешнікаў не засядае;
11. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

12. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:

13. Не такі лёс бязбожных: *
яны, як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ян 17, 17ba

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Слова Тваё, Пане, гэта праўда,
асвяці нас праўдаю Тваёю.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 13, 10–17
Гэтую дачку Абрагама, ці не трэба было вызваліць ад путаў у дзень шабату?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус навучаў у суботу ў адной з сінагог. І вось была там жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была згорбленая і зусім не магла выпрастацца. Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: Жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй. І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала славіць Бога.

Але кіраўнік сінагогі, абураючыся, што Езус аздаравіў у суботу, сказаў народу: Ёсць шэсць дзён, у якія трэба працаваць: тады і прыходзьце аздараўляцца, а не ў дзень шабату.

Тады Пан сказаў яму ў адказ: Крывадушнік, ці не адвязвае кожны з вас у суботу вала, ці асла свайго ад жолаба і не вядзе піць? А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?

Калі ж Ён сказаў так, усе праціўнікі Яго засаромеліся, а ўвесь народ радаваўся ўсім слаўным учынкам Ягоным.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Бог вяртае свабоду

Схіленне сімвалізуе паставу нявольніка як у значэнні грамадскім, так і духоўным. На прыкладзе згорбленай жанчыны з Евангелля мы бачым, якім становіцца чалавек у путах злога духа: яна не магла выпрастацца. Князь цемры загадвае чалавеку заставацца ў становішчы, у якім немагчыма паглядзець увысь, у бок Святла. Езус называе гэту жанчыну дачкой Абрагама. Гэтым Ён вяртае ёй поўную свабоду, якая палягае не на радаводзе Абрагама, але на веры, што вяртае поўную еднасць з Богам. Гэты дар здольны прыняць толькі той, хто даверыцца Богу і ў Езусе ўбачыць сваё вызваленне ад грахоў і ўсялякай слабасці.

Пане, грэх моцна прыгнятае мяне і не дазваляе стаць у паставе Божага дзіцяці. Дазволь мне пачуць Твой голас, які гучыць у сакрамэнтах, дзякуючы якім я магу выпрастацца.

Разважанні кс. Марыуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Панядзелак, Разважанні

Друкаваць