Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Субота XXIX звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 7–16
Хрыстус – Галава, дзякуючы якой усё цела атрымлівае ўзрастанне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару.

Таму і сказана: Узышоўшы на вышыні, паланіў палонных і даў людзям дары. А што азначае «ўзышоўшы», калі не тое, што ён сышоў да найніжэйшых частак зямлі. Той, хто сышоў, ёсць і тым, хто ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.

І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты. Таму мы больш не павінны быць немаўлятамі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў, каб падманам людскім, хітрым штукарствам увесці ў зман. Але, кажучы праўду ў любові, усё павінна ўзрастаць у тым, хто з’яўляецца Галавою, — у Хрысце. З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне цела для будавання самога сябе ў любові.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 122 (121), 1–2. 3–4а. 4b–5 (Р.: пар. 1)

Рэфрэн: З радасцю пойдзем у дом Пана Бога.

3. Узрадаваўся я, калі мне сказалі: *
Пойдзем у дом Пана.
4. Вось стаяць нашыя ногі *
ў брамах тваіх, Ерузалем.

Рэфрэн:

3. Ерузалем, пабудаваны як горад, *
дзе ўсё злучана ў адно.
4. Туды ўзыходзяць пакаленні, *
пакаленні Пана.

Рэфрэн:

Каб, паводле сведчання Ізраэля, *
праслаўляць імя Пана.
5. Там стаяць судовыя троны, *
троны дому Давіда.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Эзх 33, 11

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Не хачу смерці грэшніка, — кажа Пан, —
але каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 13, 1–9
Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. Езус сказаў ім на гэтае: Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце.

І расказаў вось якую прыпавесць: Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?

Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Жыць так, каб прыносіць добры плод

Евангельскія перасцярогі паказваюць, што крывавы меч Пілата або падзенне сілаамскай вежы пагражае кожнаму з нас. Кожнаму, хто жыве ў граху, гэтыя карціны прыпамінаюць аб небяспецы згубы жыцця. Гэта праўда, што Бог поўны міласэрнасці, але Яго перасцярогі могуць усё ж такі споўніцца. І гэта не будзе сведчыць аб вычарпанні Божай любові, цярплівасці і вернасці дзеля сухой справядлівасці. Выключна падчас зямнога жыцця мы можам прынесці добры плод, які забяспечыць нам вечнае жыццё. Гэта азначае, што можа прыйсці час і вінаградар не паспее абкапаць і абкласці ўгнаеннем смакоўніцу, а гаспадар вінаградніка ўжо прыйдзе. Шансы на ўсё гэта абмежаваныя часам нашага зямнога жыцця.

Езу, дзякую Табе, што Ты поўны ласкавай цярплівасці да мяне. Пане, дзякую, што Ты прыкладаеш намаганні, каб мяне ацаліць. Хачу прынесці добры плод, бо ведаю, што Ты не заплаціш вечнай узнагароды за бясплоднае жыццё.


Сёння ўспамінаем ў Літургіі Касцёла св. Яна Паўла ІІ, папу (1920-2005). На працягу ўсяго свайго пантыфікату ён паўтараў заклік: “Не бойцеся! Адкрыйце, адкрыйце насцеж дзверы Хрысту. (…) Хрыстус ведае, што скрываецца ўнутры чалавека. Толькі Ён гэта ведае”. Папа паўтараў гэты заклік па-рознаму і сам быў адкрыты на Хрыста і кожнага чалавека. Сёння ён кіруе гэты заклік да нас, каб мы не баяліся і былі адкрытыя найперш на Хрыста, а пасля Яго моцай на чалавека. Гэта адкрытасць з’яўляецца фундаментам цывілізацыі любові, якую Святы Папа абвяшчаў і за якую змагаўся.

А. Станіслаў Луцаж SJ, „Oremus”

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Субота, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч