Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Серада XXІX звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 2–12
Таямніца Хрыста аб’явілася цяпер: язычнікі — саўдзельнікі абяцання

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Калі вы чулі пра ўдзяленне ласкі Божай, дадзенай мне дзеля вас, бо праз аб’яўленне мне была адкрыта таямніца, пра што я ўжо коратка пісаў, то, чытаючы, можаце даведацца пра маё разуменне таямніцы Хрыста, якая не была адкрыта сынам чалавечым у мінулых пакаленнях, так як цяпер адкрылася святым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа. Гэта значыць, што і язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі і членамі аднаго цела, і саўдзельнікамі абяцання ў Езусе Хрысце праз Евангелле, слугою якога я стаўся дзякуючы дару ласкі Божай, дадзенай мне дзеяннем сілы Ягонай.

Мне, найменшаму сярод усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць язычнікам Добрую Навіну пра невычэрпнае багацце Хрыста і адкрыць усім, чым ёсць спаўненне таямніцы, спрадвеку схаванай у Богу, Стварыцелю ўсяго; каб цяпер праз Касцёл стала вядомай княствам і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасць Божая, паводле спрадвечнага плану, які Бог здзейсніў у Езусе Хрысце, Пану нашым.

У Ім мы маем адвагу і доступ да Айца з надзеяй праз веру ў Яго.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Іс 12, 2–3. 4bcd. 5–6 (Р.: пар. 3)

Рэфрэн: З радасцю чэрпайце з крыніцаў збаўлення.

2. Вось Бог — маё збаўленне, на Яго спадзяюся і баяцца не буду.*
Бо Пан — мая моц і мая песня, Ён стаў маім збаўленнем.
7. Вы з радасцю будзеце чэрпаць ваду *
з крыніцаў збаўлення.

Рэфрэн:

8. Праслаўляйце Пана, *
заклікайце імя Ягонае
і абвяшчайце сярод народаў справы Яго; *
нагадвайце, што ўзнёслае імя Ягонае.

Рэфрэн:

9. Спявайце Пану, бо Ён учыніў вялікія рэчы, *
абвясціце гэта па ўсёй зямлі.
10. Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёну, *
бо вялікі сярод цябе Святы Ізраэля.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 24, 42а. 44

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Чувайце і будзьце гатовыя,
бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 12, 39–48
Каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.

Тады сказаў Пётр: Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам, ці ўсім людзям?

Пан жа сказаў: Хто ж ёсць верным і разумным эканомам, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар, калі прыйдзе, знойдзе, што ён так робіць. Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй маёмасцю сваёй. Калі ж слуга гэты ў сэрцы сваім скажа: “не хутка прыйдзе гаспадар мой”, – і пачне біць слугаў і служанак, есці, і піць, і ўпівацца, то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў той дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. І жорстка пакарае яго, і спаткае яго лёс няверных. А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. А той, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат з яго; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Чуваць і быць вернымі

Усе мы павінны чуваць, але асаблівым чынам тыя, якім даручана пастырская ўлада — евангельскія эканомы, якіх Бог паставіў над домам, г.зн. Касцёлам. Эканом з Евангелля не з’яўляецца ўладальнікам, але нясе адказнасць за дом і парадак, які павінен у ім панаваць. Нішто не вызваляе яго ад гэтага задання, бо ён пазнае волю свайго Пана. Мы таксама ведаем яе і таму павінны быць чуйныя і верныя.

Езу, дзякую Табе, што даеш мне так шмат. Поўны ўдзячнасці за кожны твой дар, я чуйна чакаю Твайго прыйсця, бо ведаю, што ўзнагародай за вернасць Табе будзе шчасце ў Божым Валадарстве.

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Серада, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч