Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

XXIX Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 17, 8–13
Калі Майсей падымаў рукі, перамагаў Ізраэль

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Прыйшлі амалекіцяне і ваявалі з Ізраэлем у Рэфідыме. І сказаў Майсей Езусу Навіну: Выберы нам мужоў і ідзі біцца з амалекіцянамі; заўтра я стану на вяршыні пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй.

І зрабіў Езус, як сказаў яму Майсей, і пайшоў біцца з амалекіцянамі. А Майсей, і Аарон, і Хур узышлі на вяршыню пагорка. Калі Майсей падымаў рукі свае, перамагаў Ізраэль, а калі апускаў рукі свае, перамагаў Амалек. Калі рукі Майсеевы ацяжэлі, тады ўзялі камень і падставілі яму, і ён сеў на ім, а Аарон і Хур падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца.

І перамог Езус Амалека і народ ягоны выстрыём мяча.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 121 (120), 1–2. 3–4. 5–6. 7–8 (Р.: пар. 2)

Рэфрэн: Дапамога ад Пана, які стварыў неба і зямлю.

1. Узнімаю вочы свае да вышыняў: *
адкуль прыйдзе мая дапамога?
2. Дапамога мая ад Пана, *
які стварыў неба і зямлю.

Рэфрэн:

3. Ён не дасць пахіснуцца назе тваёй, *
не задрэмле той, хто цябе сцеражэ.
4. Не дрэмле і не спіць *
той, хто сцеражэ Ізраэль.

Рэфрэн:

5. Пан сцеражэ цябе, *
Пан — твой цень, Ён праваруч цябе.
6. Удзень сонца не ўдарыць цябе, *
ані месяц ноччу.

Рэфрэн:

7. Пан захавае цябе ад усякага зла, *
будзе берагчы душу тваю.
8. Пан будзе сцерагчы выйсце тваё і вяртанне *
цяпер і навекі.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 3, 14 — 4, 2
Каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Трывай у тым, чаму навучыўся і што табе даручана, ведаючы, ад каго навучыўся. Бо ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя пісанні, якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Хрысце Езусе. Усякае Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы.

Заклінаю цябе перад Богам і Панам нашым Езусам Хрыстом, які будзе судзіць жывых і мёртвых, і перад прыйсцем Ягоным, і перад Валадарствам Ягоным: прапаведуй гэтае слова, настаўляй у час і не ў час, пераконвай, забараняй, заахвочвай з усёю доўгацярплівасцю і павучаннем.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Гбр 4, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Жывое слова Божае і дзейснае,
здольнае судзіць думкі і намеры сэрца.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 18, 1–8
Бог абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: Абарані мяне ад праціўніка майго.

Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне.

І сказаў Пан: Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх.

Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля:

На старонках Пяцікніжжа мы бачым, якой апекай атулялі ўдоў у старажытным Ізраэлі. Ім не было на каго абаперціся, таму яны патрабавалі апекі іншых людзей. Удава з сённяшняй прыпавесці Езуса надакучвала суддзі і прасіла абараніць яе. Сама яна не дасць сабе рады. І гэта сутнасць нашых адносін з Богам: самі мы не дадзім сабе рады. Таму нам трэба прасіць Яго, заклікаць Яго, часам крычаць. Мы падобныя да гэтай удавы: каб жыць па-сапраўднаму, мы патрабуем Божай ласкі і абароны. Найперш нам неабходна ўсвядоміць гэту патрэбу. Калі мы станем у праўдзе са сваёй кволасцю і несамадастатковасцю, перад намі адкрыецца дарога да адновы ўсяго жыцця.

Малгажата Канарская, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Нядзеля, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч