Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — восьмы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 51, 12-20
Таго, хто даў мне мудрасць, я праслаўлю

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Буду праслаўляць Цябе, і апяваць Цябе,
і благаслаўляць імя Пана.
Яшчэ ў юнацтве, перш чым я рушыў у падарожжа,
я адкрыта шукаў мудрасці ў сваёй малітве.
Перад святыняй я прасіў аб ёй
і да канца буду шукаць яе.
Як ад кветак спеючага вінаграду,
узрадавалася маё сэрца ад яе.
Мая нага ўзышла на просты шлях,
і ад юнацтва я іду яе слядамі.
Толькі крыху схіліў сваё вуха, і ўжо атрымаў яе,
знайшоўшы для сябе шмат настаўленняў.
Дзякуючы ёй я дасягнуў поспеху,
а таго, хто даў мне мудрасць, я праслаўлю.
Бо я вырашыў паступаць паводле яе,
я рупіўся аб дабры, і асаромлены не буду.
Мая душа змагалася за яе,
і я старанна выконваў Закон.
Свае рукі я працягваў увысь
і аплакваў свае памылкі.
Я скіраваў да яе сваю душу
і ў чысціні знайшоў яе.
З ёй розум я набыў ад пачатку,
таму пакінутым не застануся.
Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 19 (18), 8. 9. 10-11 (Р.: 9а)

Рэфрэн: Загады Пана справядлівыя і радуюць сэрца.

8. Закон Пана дасканалы, *
умацоўвае душу,
сведчанне Пана вернае, *
яно дае мудрасць простым.

Рэфрэн:

9. Загады Пана справядлівыя *
і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, *
прасвятляе вочы.

Рэфрэн:

10. Боязь Божая беззаганная *
і вечна трывае;
прысуды Пана праўдзівыя *
і ўсе справядлівыя.

Рэфрэн:

11. Больш каштоўныя, чым золата, *
чым мноства чыстага золата,
і саладзейшыя за мёд *
і сок сотавы.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Клс 3, 16а.17с

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце,
дзякуйце Богу і Айцу праз Хрыста.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 11, 27–33
Якою ўладаю Ты гэта робіш?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус з вучнямі зноў прыйшоў у Ерузалем. І калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны і пыталіся ў Яго: Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу, каб рабіць гэта?

Езус адказаў ім: Запытаюся ў вас пра адно. Адкажаце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта. Хрост Яна быў з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне.

Яны разважалі паміж сабою: Калі скажам «з неба», то Ён скажа: Чаму ж вы не паверылі яму? А калі скажам «ад людзей»? Яны баяліся народу, бо ўсе лічылі Яна сапраўдным прарокам, таму сказалі ў адказ Езусу: Не ведаем.

Тады Езус сказаў ім: I Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць