15 кастрычніка — успамін св. Тэрэзы ад Езуса, панны і доктара Касцёла (Чытанні з дня)
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 15–23
Паставіў Хрыста галавою Касцёла, які ёсць целам Ягоным
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых, не перастаю дзякаваць за вас Богу, успамінаючы вас у малітвах сваіх, каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай, якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго з мёртвых і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах, вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне, і за ўсялякае імя, якое называюць не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым.
І ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя, і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла, які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 8, 2–3а. 4–5. 6–7а (Р.: 7)
Рэфрэн: Даў Свайму Сыну ўладу над стварэннем.
2. О, Пане, Божа наш, *
якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі.
Веліч Твая ўзносіцца па-над нябёсамі. *
3. З вуснаў дзяцей і немаўлят Ты ўчыніў хвалу.
Рэфрэн:
4. Калі я бачу Твае нябёсы, справу пальцаў Тваіх, *
месяц і зоркі, якія Ты ўмацаваў:
5. то чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, *
і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?
Рэфрэн:
6. Ты ўчыніў яго мала меншым ад анёлаў, *
славаю і веліччу ўвянчаў яго.
7. Паставіў яго валадаром *
над справай рук Тваіх.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 15, 26b. 27а
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Дух праўды будзе сведчыць пра Мяне, — кажа Пан, —
і вы таксама будзеце сведчыць.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 12, 8–12
Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Кожны, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго прызнае і Сын Чалавечы перад анёламі Божымі. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся і Я перад анёламі Божымі. Кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а таму, хто блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе адпушчана. Калі вас прывядуць у сінагогі, і да кіраўнікоў, і да ўлады, не турбуйцеся, як або што адказваць, ці што гаварыць, бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць.
Гэта слова Пана.
Разважанне да Евангелля: Дух Святы ў нашым жыцці
Дух Святы дзейнічае ў жыцці веруючых. Гэта ўзмацняе нас у любові Бога і дапамагае жыць у праўдзе. Дзякуючы гэтаму ствараецца наша асабістая повязь з Богам. Таму нам неабходна сведчыць аб ёй у адносінах з бліжнімі. Гэта магчыма толькі тады, калі мы насамрэч даверымся Святому Духу. Ён з’яўляецца Духам Праўды, які дапамагае нам у цяжкіх сітуацыях даваць сведчанне веры. Езус патрабуе гэтага ад апосталаў перад абліччам пераследу. Гэтага патрабуе Езус і ад нас, вучняў у сучасным свеце. Прыняцце Духа Праўды, стварэнне асабістай повязі – гэта давер. Затое адкідванне любові – гэта зрыванне повязі. А гэта з’яўляецца адмовай Святому Духу. Такая блюзнерская здрада не будзе прабачана.
Пане, перад Богам Айцом Ты прызнаўся да ўсяго грэшнага чалавецтва, каб нас збавіць.Цяпер я дзякуючы моцы Святога Духа прагну адкрыта казаць аб Тваёй любові да ўсіх.
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Субота, Разважанні