Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — шосты звычайны тыдзень, год ІI

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 3, 1-10
Ніхто з людзей не можа ўтаймаваць язык

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Браты мае, няхай нямногія з вас становяцца настаўнікамі, ведаючы, што нас будуць судзіць больш строга. Бо ўсе мы спатыкаемся шмат у чым. Калі хто не грашыць словам, гэта чалавек дасканалы, здольны ўтаймаваць таксама ўсё цела. Калі мы кладзем цуглі ў храпу коням, каб яны слухаліся нас, то і кіруем ўсім іхнім целам. Вось і караблі, хоць такія вялікія і гоняць іх моцныя вятры, аднак маленькае стырно скіроўвае іх, куды пажадае воля стырнавога. Так і язык, хоць малая частка цела, а хваліцца вялікімі рэчамі. Паглядзі, які малы агонь падпальвае вялізны лес! І язык – гэта агонь. Як свет несправядлівасці, пастаўлены язык сярод нашых частак цела, ён апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцця, а сам запальваецца ад геены. Бо ўсялякая істота звяроў, птушак, паўзуноў і марскіх стварэнняў утаймоўваецца і ўтаймавана чалавечай істотай, аднак ніхто з людзей не можа ўтаймаваць язык – нястрымнае ліха, поўнае смяротнай атруты.

Ім мы благаслаўляем Пана і Айца і ім праклінаем людзей, створаных на падабенства Божае. З тых самых вуснаў выходзіць благаслаўленне і праклён. Не павінна, браты мае, так быць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 12 (11), 2-3. 4-5. 7-8 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Ты, Пане, зберажэш нас.

2. Ратуй, Пане, бо не стала пабожнага, *
бо няма вернага сярод сыноў чалавечых.
3. Кожны хлусіць бліжняму свайму, *
ілжывымі вуснамі і ад сэрца няшчырага гавораць яны.

Рэфрэн:

4. Няхай Пан знішчыць усе ілжывыя вусны, *
і язык, які гаворыць дзёрзка;
5. і тых, хто кажа: Языком нашым пераможам, *
вусны нашыя з намі, хто ж гаспадар над намі?

Рэфрэн:

7. Словы Пана – гэта чыстыя словы, *
срэбра, ачышчанае ў горне ад зямлі і пераплаўленае сем разоў.
8. Ты, Пане, зберажэш нас *
і захаваеш нас ад пакалення гэтага навекі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Мк 9, 6

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Адкрыліся нябёсы і пачуўся голас Айца:
Гэта ёсць Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 9, 2–13
Перамяніўся перад імі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам.

І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.

І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць “уваскрэснуць”.

І пыталіся ў Яго, кажучы: Чаму кніжнікі кажуць, што першым павінен прыйсці Ілля? Ен сказаў ім: Сапраўды, Ілля прыйдзе першым і адновіць усё. А як напісана пра Сына Чалавечага, што Ён павінен шмат выцерпець і быць пагарджаным. Але кажу вам: Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як і напісана пра яго.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

На гары Табор Езус на кароткі час паказаў выбраным вучням Сваю хвалу Божага Сына. Можна сказаць, што гэта не столькі Езус перамяніўся, колькі перамяніў погляд сваіх вучняў. Прысутнасць Майсея і Іллі ўказвае на тое, што ўся рэчаіснасць першага Запавету, Закон і прарокі знаходзяць сваё выкананне ў Езусе Хрысце. Мэтай гэтай падзеі было больш сціслае з’яднанне вучняў з Езусам, каб яны слухалі Яго голас. Мы не былі з вучнямі на гары Перамянення, але гэта сцэна была апісана ў Евангеллі для нас. Заклік Айца: “Яго слухайце!”, скіраваны таксама да нас і да ўсіх вучняў Езуса ў кожнай эпосе.

Разважанні кс. Мацея Захара MIC, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць