Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — шосты звычайны тыдзень, год ІI

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 2, 1-9
Ці ж не Бог выбраў бедных? А вы пагардзілі бедным

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Браты мае, не зважаючы на асобы, майце веру ў Езуса Хрыста, нашага Пана хвалы. Бо калі на сход ваш прыйдзе чалавек з залатым пярсцёнкам, у бліскучым адзенні, і ўвойдзе таксама бедны ў бруднай вопратцы, і вы пагледзіце на апранутага ў бліскучае адзенне, і скажаце яму: Ты сядай тут, на добрае месца, – а беднаму скажаце: Ты стань там, – ці: Сядай тут, каля падножжа майго, – то ці ж не робіце адрознення між вамі самімі і не становіцеся суддзямі са злымі думкамі?

Паслухайце, браты мае ўмілаваныя. Ці ж не Бог выбраў бедных свету багатымі вераю і спадкаемцамі Валадарства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго? А вы пагардзілі бедным. Ці не багатыя прыгнятаюць вас, ці не яны цягнуць вас у суды, ці не яны ганьбяць добрае імя, якім вы названы? Калі выконваеце каралеўскі закон паводле Пісання: Любі бліжняга свайго, як самога сябе, – вы робіце добра. Калі ж зважаеце на асобы, то чыніце грэх, а Закон асуджае вас як злачынцаў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 34 (33), 2-3. 4-5. 6-7 (Р.: 7а)

Рэфрэн: Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
3. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

4. Узвялічвай Пана са мной, *
будзем узвышаць імя Яго разам.
5. Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, *
і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.

Рэфрэн:

6. Гляньце на Яго і прасвятліцеся, *
і твары вашыя не спазнаюць сораму.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ян 6, 63c. 68c

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Твае словы, Пане, ёсць духам і жыццём;
Ты маеш словы вечнага жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 8, 27–33
Ты — Хрыстус… Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: Кім людзі лічаць Мяне? Яны адказвалі Яму: Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў. А Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстус. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглязеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Адкрыць Месію

Занадта часта мы слухаем тое, што кажуць іншыя. Хоць само слуханне іншых людзей не з’яўляецца чымсьці дрэнным, наадварот, ёсць чымсьці вельмі добрым, аднак мы, на жаль, не часта прымаем удзел у такім здаровым слуханні. Хутчэй мы слухаем натоўп, каб стаць да яго падобнымі. Гэта ж трэба быць сучасным, нельга застацца ззаду. Аднак Езус хоча, каб у нас было ўласнае меркаванне, асабліва калі гаворка ідзе пра нашыя адносіны да Яго. Кім мы лічым Езуса? Можа мы яшчэ не адкрылі ў Ім Месію. Можа Ён з’яўляецца для нас звычайным чалавекам , вялікім настаўнікам альбо таленавітым лекарам. Які адказ на гэтае пытанне даём мы самі? Вера – гэта ласка, калі мы яшчэ не атрымалі яе і не даканца адкрылі праўду пра Езуса, то будзем у гэтым шчырыя, скажам Яму, кім мы Яго лічым. Езус і так гэта ведае. Справа тут хутчэй у нас саміх, каб мы ўбачылі, кім Езус з’яўляецца для нас. Калі мы шчыра адкажам на пастаўленнае Ім пытанне, то будзем мець шанс, каб пазнаць Яго лепей. Ён дае знайсці сябе тым, хто Яго шукае.

Езу Хрысце, Божы Сын, дапамажы нам з кожным днём усё глыбей Цябе пазнаваць, каб мы маглі набліжацца да Цябе ў праўдзе.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Дабрачынная акцыя “Светлае Свята Вялікадня”

    Згодна з добрай традыцыяй, моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.