Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Серада XXVIIІ звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 5, 18–25
Тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з мукамі

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Калі кіруе вамі дух, то вы не пад законам. Учынкі ж цела вядомыя, а менавіта: распуста, нячыстасць, сваволя, ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зласлівасць, гнеў, сварлівасць, нязгоды, ерасі, зайздрасць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам наперад, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.

А плён духа — гэта любоў, радасць, спакой, велікадушнасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону. А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з мукамі і жаданнямі. Калі мы жывем паводле духа, то і паступаем паводле духа.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6 (Р.: пар. Ян 8, 12)

Рэфрэн: Хто пойдзе за Табою, Пане, той будзе мець святло жыцця.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных, †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных *
і між насмешнікаў не засядае;
5. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

6. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:

7. Не такі лёс бязбожных: *
яны як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 27

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Авечкі Мае слухаюць голас Мой,
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 42–46
Гора вам фарысеям, і вам, кніжнікам, гора

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Сказаў Пан: Гора вам, фарысеям, што даеце дзесятую частку з мяты, руты і ўсякай гародніны, і абмінаеце суд і любоў Божую. І гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць. Гора вам, фарысеям, бо любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рынках. Гора вам, бо вы, быццам магілы нябачныя, па якіх ходзяць людзі і не ведаюць гэтага.

У адказ адзін з кніжнікаў сказаў Яму: Настаўнік, кажучы гэта, Ты абражаеш нас. А Ён сказаў: І вам, кніжнікам, гора, бо накладаеце на людзей цяжары нязносныя, хоць самі і адным пальцам не кранаеце гэтых цяжараў.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Аснова Закону – любоў

Фарысеі скавалі свае паводзіны шматлікімі правіламі і традыцыямі, праз што страцілі найважнейшае. Такім чынам замест сэрца і любові яны пачалі прыносіць Богу ў ахвяру мяту, руту і гародніну. Гэтыя рэчы павінны былі замяніць іх саміх. Такія ахвяры станавіліся кампенсацыяй за ўсе дрэнныя ўчынкі цела: нячыстасць, нянавісць, зайздрасць. Няма нічога дзіўнага, што фарысеі пачулі тры разы “бяда”. Калісьці з вуснаў прарокаў гэта слова прадракала няшчасце. Езус, прызнаючы Закон выразам Божай Волі, прыпамінае нам аб большай справядлівасці, якая з’яўляецца яе дасканалым выкананнем. Духам Закону ёсць любоў да Бога і бліжняга: Будзеш любіць Пана Бога свайго ўсім сваім сэрцам, усёй душой і усёй моцаю, а бліжняга свайго – як сябе самога.

Пане, Ты хочаш, каб мы не шанавалі Цябе толькі знешнімі ахвярамі, а служылі Табе чыстым сэрцам і прыносілі ў ахвяру тое, што ёсць унутры нас. Іду да Цябе шляхам справядлівасці і Божай Любові.

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Серада, Разважанні

Друкаваць

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч