Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота III звычайнага тыдня, год ІI

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 12, 1-7а. 10-17
Зграшыў я перад Панам

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Пан паслаў Натана да Давіда. Той прыйшоў да яго і сказаў: У адным горадзе было два чалавекі, адзін багаты, а другі бедны. У багатага было вельмі шмат авечак і валоў, а ў беднага не было нічога, апрача адной маленькай авечкі, якую ён купіў і гадаваў.

Яна расла ў яго разам з ягонымі дзецьмі. З яго хлеба яна ела, і з яго кубка піла, і спала пры яго баку, і была для яго, як дачка. Неяк прыйшоў госць да багатага, але яму было шкада ўзяць са сваіх уласных авечак і валоў, каб прыгатаваць госцю, які прыйшоў да яго. Тады ён узяў авечку беднага і прыгатаваў яе чалавеку, які прыйшоў да яго.

Давід вельмі разгневаўся на таго чалавека і сказаў Натану: Як жыве Пан, чалавек, які зрабіў гэта, заслугоўвае смерці. І за авечку ён павінен заплаціць у чатыры разы больш, таму што зрабіў так і не меў спагады.

Тады Натан сказаў Давіду: Ты – той чалавек. Вось таму не адступіцца меч ад дому твайго навекі, бо ты пагардзіў Мною і ўзяў жонку Урыя Хетыты, каб была табе жонкаю. Так кажа Пан: Вось Я з дому твайго спашлю на цябе зло, і вазьму жонак тваіх перад вачыма тваімі, і аддам іх бліжняму твайму, і ён будзе спаць з тваімі жонкамі перад вачыма гэтага сонца. Ты зрабіў гэта патаемна, а я зраблю гэта перад усім Ізраэлем і перад сонцам.

І сказаў Давід Натану: Зграшыў я перад Панам. Натан жа адказаў Давіду: Пан дараваў табе грэх твой: ты не памрэш. Але за тое, што ты даў падставу для блюзнерства ворагам Пана, сын, які ў цябе народзіцца, памрэ. І Натан вярнуўся да свайго дому.

Пан пашкодзіў дзіця, якое нарадзіла Давіду жонка Урыі, і яно цяжка захварэла. Давід маліў Бога за гэтага хлопчыка і сурова пасціў, а калі вярнуўся да сябе, усю ноч ляжаў на зямлі. А старэйшыя дому ягонага прымушалі яго падняцца з зямлі, але ён не хацеў і нічога не еў з імі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 51 (50), 12-13. 14-15. 16-17 (Р.: 12а)

Рэфрэн: Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа.

12. Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, *
і аднаві ўва мне трывалы дух.
13. Не адкінь мяне ад свайго аблічча *
і не пазбаў мяне Духа Твайго Святога.

Рэфрэн:

14. Вярні мне радасць збаўлення Твайго *
і ўмацуй мяне духам прыхільным.
15. Навучы няправых шляхам Тваім, *
і бязбожнікі да Цябе вернуцца.

Рэфрэн:

16. Вызвалі мяне, Божа, ад крыві, †
Божа збаўлення майго, *
і мой язык будзе праслаўляць Тваю справядлівасць.
17. Пане, адкрый мае вусны, *
і вусны мае будуць абвяшчаць Тваю хвалу.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 3, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Бо так палюбіў Бог свет,
што аддаў Сына свайго Адзінароднага,
каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 4, 35–41
Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: Пераправімся на той бок. Адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, калі быў у чаўне. І плылі з Ім іншыя чаўны.

І ўзнялася вялікая бура. Хвалі залівалі човен, так што човен ужо напаўняўся. А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Будзяць і кажуць Яму: Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем? І, устаўшы, Ён забараніў ветру і сказаў мору: Замоўкні і супакойся. І вецер сціх, і настала вялікая ціша.

І сказаў ім: Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры? Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Дабрачынная акцыя “Светлае Свята Вялікадня”

    Згодна з добрай традыцыяй, моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.