Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Мак 4, 36-37. 52-59
Адбылося пасвячэнне алтара і з радасцю прыносілі ўсеспаленні

Чытанне Першай кнігі Макабэяў.

У тыя дні:

Юда і ягоныя браты сказалі: Вось разбіты ворагі нашы, пойдзем ачысціць і пасвяціць святыню. І сабралася цэлае войска, і пайшлі на гару Сіён.

Усталі на самым світанні ў дваццаць пяты дзень дзевятага месяца, гэта значыць, месяца кіслеў, сто сорак восьмага года і прынеслі, паводле Закону, ахвяру на новым алтары ўсеспаленняў, які збудавалі. Пасвячэнне ж алтара пры спевах і гранні цытраў, арфаў і цымбалаў адбылося ў той самы дзень, калі язычнікі зняславілі яго.

Увесь народ упаў на твар і пакланіўся, благаслаўляючы да неба таго, хто паспрыяў ім. Восем дзён святкавалі пасвячэнне алтара і з радасцю прыносілі ўсеспаленні, ахвяры збаўлення і падзякі. Фасад святыні ўпрыгожылі залатымі вянкамі і малымі шчытамі, аднавілі брамы і пакоі для святароў, і паўстаўлялі ў іх дзверы. І сталася вельмі вялікая радасць у народзе, што прыбраная агіда язычнікаў. Тады Юда і браты ягоныя, і ўвесь сход Ізраэля пастанавілі, што дні пасвячэння алтара будуць з радасцю і весялосцю святкавацца ў гэты час штогод, на працягу васьмі дзён, пачынаючы з дваццаць пятага дня месяца кіслеў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ 1 Кр 29, 10-11аbc. 11d-12а. 12bcd (Р.: пар. 13b)

Рэфрэн: Хвалім Пане, Тваё слаўнае Імя.

10. Будзь праслаўлены, Пане, †
Божа нашага айца, Ізраэля, *
на вякі вечныя.
11. Твая, Пане, узнёсласць і магутнасць, †
слава, прыгажосць і веліч, *
бо ўсё, што ў небе і на зямлі, Тваё.

Рэфрэн:

Тваё, Пане, валадарства, *
і Ты, як Галава, уздымаешся па-над усім.
12. Ад Цябе паходзяць *
багацце і слава.

Рэфрэн:

Ты над усім пануеш. *
У Тваёй руцэ і сіла, і моц.
Твая рука ўзвялічвае *
і ўсё ўмацоўвае.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 27

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, – кажа Пан, –
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 45-48
Вы зрабілі з Божага дома логава злодзеяў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус увайшоў у святыню і пачаў выганяць гандляроў, кажучы ім: Напісана: дом Мой ёсць домам малітвы, а вы зрабілі з яго логава злодзеяў.

І штодня вучыў у святыні. Але першасвятары, і кніжнікі і старэйшыя народу шукалі, як забіць Яго. І не знаходзілі, што ўчыніць Яму, бо ўвесь народ, затаіўшы дыханне, слухаў Яго.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць