Панядзелак XXVIIІ звычайнага тыдня, год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 4, 22–24. 26–27. 31 — 5, 1
Мы дзеці не служанкі, але свабоднай
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.
Браты:
Напісана, што ў Абрагама было два сыны: адзін ад служанкі, другі ад свабоднай. Але той, што ад служанкі, нарадзіўся паводле цела, а той, што ад свабоднай — з абяцання. У гэтым ёсць алегорыя: гэтыя дзве жанчыны сімвалізуюць два запаветы. Адзін, на гары Сінай, які нараджае да няволі — гэта Агар.
А верхні Ерузалем свабодны, ён — нашая маці. Бо напісана: Узвесяліся, бясплодная, што не нараджала; усклікні і закрычы, якая не цярпела родаў, таму што у пакінутай больш дзяцей, чым у замужняй.
Таму, браты, мы дзеці не служанкі, але свабоднай. Дзеля свабоды Хрыстус вызваліў вас, таму трывайце і не паддавайцеся ярму рабства.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 113 (112), 1–2. 3–4. 5а і 6–7 (Р.: пар. 2)
Рэфрэн: Няхай імя Пана благаславяць вечна.
17. Хваліце, слугі Пана, *
хваліце імя Пана.
18. Няхай будзе імя Пана благаслаўлёна *
цяпер і навекі.
Рэфрэн:
19. Ад усходу сонца да захаду *
няхай будзе праслаўлена імя Пана.
20. Узвышаны Пан над усімі народамі, *
над нябёсамі слава Ягоная.
Рэфрэн:
21. Хто падобны да Пана, Бога нашага, *
22. які схіляецца, каб паглядзець на неба і зямлю,
23. які падымае беднага з пылу
і са смецця ўзносіць убогага.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Пс 95 (94), 8аb
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Не рабіце сёння цвёрдымі вашыя сэрцы,
але слухайце голас Пана.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 29–32
Гэтаму пакаленню не будзе дадзена знаку, апроч знаку Ёны
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі стаў збірацца народ, Езус пачаў гаварыць: Пакаленне гэтае — нягоднае пакаленне, яно шукае знаку, і не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны. Бо, як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення. Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасць Саламонаву, а вось тут нешта большае за Саламона. Людзі з Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а вось тут нешта большае за Ёну.
Гэта слова Пана.
Разважанне да Евангелля: Езус перавышае людскую мудрасць
Можа здзіўляць ненасычэнне тлумаў, якія атачаюць Езуса. Яны патрабуюць новага знаку, каб паверыць у прыбліжэнне Бажага Валадарства. Адкуль такая пастава, калі перад гэтым фрагментам з Евангелля паводле св. Лукі мы знаходзім апісанне дванаццаці цудаў? У гэтых знакаў габрэі павінны заўважыць, што настаў год ласкі Пана. Адкуль такія вострыя словы Езуса аб нягоднасці гэтага пакалення? Але Пан сам дасць вам знак (Іс 7, 14). Ім з’яўляецца Божая Міласэрнасць. Гэта азначаюць словы аб Ёне, які стаў знакам для жыхароў Нінівы. Язычнікі, якіх так ненавідзіў выбраны народ, навярнуліся пад уплывам гэтага прарока. Габрэі ж не змаглі зразумець Езуса, Які перавышаў усялякую людскую мудрасць, таму яны патрабавалі знаку. А як мы глядзім на Езуса?
Езу, так проста патрабаваць ад цябе знакаў, а потым з прыемнасцю іх аглядаць. Дазволь мне пазнаць, што найбольшым знакам з’яўляецца тое, што Ты здзяйсняеш у маім сэрцы, якое ачышчаеш ад грахоў.
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Панядзелак, Разважанні