Серада — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Мак 7, 1. 20-31
Вера ў змёртвыхпаўстанне моцаю пакутнікаў
Чытанне Другой кнігі Макабэяў.
У тыя дні:
Здарылася, што сем братоў разам з маці былі схоплены, і катавалі іх бізунамі і рамянямі, бо кароль хацеў прымусіць іх пакаштаваць свініны, забароненай Законам.
Але найбольшага здзіўлення і добрай памяці заслужыла маці, якая на працягу аднаго дня бачыла смерць семярых сыноў, і мужна перанесла гэта дзякуючы сваёй надзеі на Пана. Яна заахвочвала кожнага з іх на роднай мове. Поўная высакародных думак, падмацоўвала свае жаночыя разважанні мужчынскай адвагай і так казала ім: Не ведаю, як вы апынуліся ў маім улонні, не я таксама дала вам дыханне і жыццё, і не я склала ўсе члены вашыя. Таму Стварыцель свету, які сфармаваў нараджэнне чалавека і вынайшаў нараджэнне ўсяго, у міласэрнасці сваёй зноў верне вам і дыханне, і жыццё, таму што цяпер вы пагарджаеце сабою дзеля Ягоных законаў.
Антыёх жа, падазраючы пагарду, падумаў, што яго зневажаюць. Калі малодшы брат яшчэ жыў, кароль не толькі звярнуўся да яго з заахвочаннем, але, прысягаючы, запэўніваў, што зробіць яго шчаслівым і багатым, учыніць сябрам і даручыць важныя справы, калі ён толькі адвернецца ад бацькоўскіх законаў. Паколькі юнак наогул не звяртаў на яго ўвагі, кароль паклікаў маці, пераконваючы яе параіць хлопцу ўратавацца.
Пасля доўгіх угавораў яна згадзілася пераканаць сына. Аднак, схіліўшыся над ім, сказала на роднай мове, насміхаючыся з жорсткага тырана: Сыне, злітуйся нада мною! Я насіла цябе ва ўлонні дзевяць месяцаў, карміла цябе малаком тры гады і даглядала, з клопатам гадуючы цябе да гэтага ўзросту. Прашу цябе, дзіця, паглядзі на неба і на зямлю і, убачыўшы ўсё, што на іх, зразумей, што Бог з небыцця стварыў іх, і чалавечы род узнік такім самым чынам. Не бойся кáта гэтага, але будзь годным братоў і прымі смерць, каб у час міласэрнасці я знайшла цябе разам з братамі тваімі.
Калі яна яшчэ гаварыла, юнак сказаў: Чаго чакаеце? Я не паслухаюся каралеўскага загаду, я паслухмяны загаду, які быў дадзены айцам нашым праз Майсея. А ты, які выклікаў усе няшчасці габрэяў, напэўна не ўцячэш ад рукі Божай.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 17 (16), 1. 5-6. 8 і 15 (Р.: 15b)
Рэфрэн: Буду насычацца Тваім абліччам, Пане.
2. Выслухай, Пане, маю справядлівасць, *
пачуй маю просьбу,
прымі маю малітву *
з вуснаў неілжывых.
Рэфрэн:
5. Умацуй мае крокі на Тваіх шляхах, *
каб не пахіснуліся мае ногі.
6. Я клічу Цябе, бо Ты выслухаеш мяне, Божа; *
схілі вуха Тваё да мяне, пачуй мае словы.
Рэфрэн:
8. Сцеражы мяне, як зрэнку вока, *
у цені Тваіх крылаў схавай мяне.
16. Я ў справядлівасці ўбачу Тваё аблічча, *
калі прачнуся, буду насычацца Тваім вобразам.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ян 15, 16
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Я выбраў вас са свету, каб вы ішлі і прыносілі плён
і каб плён ваш трываў, – кажа Пан.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 11-28
Чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус расказаў прыпавесць, бо Ён быў блізка да Ерузалема, а яны думалі, што зараз з’явіцца Божае Валадарства.
Таму сказаў: Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую краіну, каб стаць каралём і вярнуцца. Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: Зарабляйце, пакуль не вярнуся. Але грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі следам за ім пасланцоў, сказаўшы: Не хочам, каб валадарыў над намі.
Калі ж ён стаў каралём і вярнуўся, сказаў паклікаць да сябе тых слуг, якім даў срэбра, каб даведацца, што яны зарабілі. Прыйшоў першы і сказаў: Гаспадáру, твая міна прынесла дзесяць мінаў. І сказаў яму: Выдатна, добры слуга; за тое, што ты ў малым быў верны, валадар над дзесяццю гарадамі.
Прыйшоў і другі, кажучы: Гаспадáру, твая міна прынесла пяць мінаў. І сказаў гэтаму: І ты валадар над пяццю гарадамі. Прыйшоў і іншы, кажучы: Гаспадáру, вось твая міна, якую я трымаў, загарнуўшы ў хустку, бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш чаго не сеяў. Гаспадáр сказаў яму: Паводле вуснаў тваіх суджу цябе, кепскі слуга. Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў, чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот, каб я прыйшоў і забраў яго з прыбыткам?
І сказаў тым, хто стаяў побач: Забярыце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мінаў. І сказалі яму: Гаспадáру, ён ужо мае дзесяць мінаў. Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе; а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае. А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною.
Сказаўшы гэта, Езус пайшоў далей, падымаючыся ў Ерузалем.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні