Субота — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 18, 14-16; 19, 6-9
З Чырвонага мора быў шлях без перашкодаў, і яны, як ягняты, брыкаліся
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Калі спакойная ціша ахапіла ўсё,
і ноч у сваім бегу дайшла да сярэдзіны,
усемагутнае Слова Тваё з нябёсаў, з каралеўскіх пасадаў,
як няўмольны воін, упала сярод спустошанай зямлі,
як востры меч, які нясе праўдзівы Твой наказ.
І стаўшы, напоўніла ўсё смерцю,
дакраналася да неба і разыходзілася па зямлі.
Усё стварэнне зноў перамянілася ў сваёй прыродзе,
служачы Тваім наказам,
каб дзяцей Тваіх захаваць ад шкоды.
З’явілася воблака, якое зацямніла іхні лагер,
і там, дзе раней была вада, узнялася сухая зямля,
з Чырвонага мора быў шлях без перашкодаў,
з бурлівых хваляў — зялёная даліна.
Па ім прайшлі ўсім народам тыя,
каго ахоўвала Твая рука,
і ўбачылі яны дзівосныя цуды.
Яны пасвіліся, нібы коні,
і, як ягняты, брыкаліся,
праслаўляючы Цябе, Пане,
які ўратаваў іх.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 105 (104), 2-3. 36-37. 42-43 (Р.: 5а)
Рэфрэн: Памятайце пра цуды, якія ўчыніў Пан.
Або: Аллелюя.
2. Спявайце і грайце Яму псальмы, *
распавядайце пра ўсе Ягоныя цуды.
3. Ганарыцеся імем Яго святым, *
няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана.
Рэфрэн:
36. Ён забіў кожнага першароднага ў іхняй зямлі, *
пачаткі ўсёй моцы іхняй.
37. І вывеў ізраэльцян са срэбрам і золатам, *
і не было хворага ў іх плямёнах.
Рэфрэн:
42. Бо памятаў Ён святое слова сваё, *
дадзенае Абрагаму, слузе свайму.
43. І вывеў народ свой у радасці, *
у весялосці выбраных сваіх.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Тэс 2, 14
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Пан паклікаў нас праз Евангелле,
каб мы атрымалі славу Пана нашага Езуса Хрыста.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 18, 1–8
Бог абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: Абарані мяне ад праціўніка майго.
Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне.
І сказаў Пан: Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх.
Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні