Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — трыццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 11, 1-2а. 11-12. 25-29
Калі адкідванне юдэяў – гэта прымірэнне свету, дык што ж тады іх прыняцце, калі не жыццё з мёртвых?

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Няўжо Бог адкінуў народ свой? Канешне, не. Бо і я, габрэй, з патомства Абрагама, з роду Бэн’яміна. Не адкінуў Бог народ свой, які пазнаў раней.

Таму кажу: Няўжо яны спатыкнуліся, каб упасці? Канешне, не. Але ад іх падзення прыйшло збаўленне язычнікам, каб абудзіць у іх зайздрасць. Калі ж падзенне іхняе – гэта багацце для свету, а іхняе прыніжэнне – багацце для язычнікаў, то наколькі ж большая паўната іх.

Бо не хачу пакінуць вас, браты, у няведанні наконт гэтай таямніцы, каб вы не лічылі сябе мудрымі, таму што зацвярдзеласць ахапіла Ізраэль часткова, да той пары, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў. І так увесь Ізраэль збавіцца, як напісана:

Прыйдзе з Сіёну Збаўца
і адверне бязбожнасць ад Якуба,
і гэта запавет ім ад Мяне,
калі забяру грахі іхнія.

Што да Евангелля, то яны ворагі дзеля вас; а што да выбрання –умілаваныя дзеля айцоў. Бо дары і пакліканне Божае нязменныя.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 94 (93), 12-13а. 14-15. 17-18 (Р.: 14а)

Рэфрэн: Пан не адкіне свой народ.

12. Шчаслівы чалавек, якога Ты, Пане, настаўляеш, *
і навучаеш Тваім Законам,
13. каб даць яму палёгку *
ў дні ліхія.

Рэфрэн:

14. Бо Пан не адкіне свой народ *
і не пакіне спадчыны сваёй.
15. Бо суд звернецца да справядлівасці, *
а за ім і ўсе, хто правы сэрцам.

Рэфрэн:

17. Калі б Пан не быў маёй дапамогай, *
мая душа хутка пасялілася б у месцы маўчання.
18. Калі я сказаў: Пахіснулася мая нага, – *
Твая міласэрнасць, Пане, мяне падтрымала.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 11, 29аb

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне:
бо Я ціхі і пакорны сэрцам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 14, 1. 7–11
Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус прыйшоў у суботу да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.

Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе не падышоў і не сказаў табе: Саступі яму месца. І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.

А калі будзеш запрошаны, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: Дружа, перасядзь вышэй. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"