Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — дваццаць дзявяты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 8, 1-11
Дух таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, жыве ў вас

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе. Бо Закон Духа жыцця ў Езусе Хрысце вызваліў цябе ад закону граху і смерці.

Бо Закон, аслаблены целам, быў бяссільны. Таму Бог, паслаўшы Сына свайго ў постаці грэшнага цела, з-за граху асудзіў грэх у целе, каб апраўданне Закону споўнілася ў нас, якія не паводле цела, але паводле духа паступаюць. Бо тыя, хто паступае паводле цела, думаюць аб цялесным. А тыя, хто паводле духа, – аб духоўным. Бо памкненні цела – смерць, а памкненні духа – жыццё і спакой. Памкненні цела – непрыяцелі Бога, бо не пакараюцца Закону Божаму, ды і не могуць. Тыя ж, хто паступае паводле цела, Богу дагадзіць не могуць. Вы ж не ў целе, але ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага не мае, той не належыць Яму.

Калі ж у вас Хрыстус, то цела мёртвае з-за граху, а дух мае жыццё з-за справядлівасці. Калі ж Дух таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, жыве ў вас, то той, хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім, які жыве ў вас.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 24 (23), 1-2. 3-4аb. 5-6 (Р.: пар. 6)

Рэфрэн: Гэта народ верны, які шукае Пана.

1. Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй,*
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.
2. Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.

Рэфрэн:

3. Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?
4. Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, *
хто не схіляў душы да марнасці.

Рэфрэн:

5. Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду ад Бога, свайго Збаўцы.
6. Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае абліччаТвайго, Бог Якуба.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Эзх 33, 11

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не хачу смерці грэшніка, – кажа Пан, –
але каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 13, 1-9
Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. Езус сказаў ім на гэтае: Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце.

І расказаў вось якую прыпавесць: Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?

Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"