Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота XXVII звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 3, 22–29
Усе вы сыны Божыя праз веру

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Пісанне ўсіх замкнула пад грахом, каб абяцанне было дадзена веруючым праз веру ў Езуса Хрыста. Але да прыходу веры мы былі замкнёныя пад вартаю Закону да таго часу, калі належала аб’явіцца веры.

Таму Закон быў для нас выхаваўцам да Хрыста, каб мы апраўдаліся вераю. Калі ж прыйшла вера, мы ўжо не падуладныя выхаваўцу. Усе вы сыны Божыя праз веру ў Езуса Хрыста. Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся. Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе. Калі ж вы Хрыстовыя, то вы патомства Абрагама і, паводле абяцання, спадкаемцы.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 105 (104), 2–3. 4–5. 6–7 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Вечна Пан памятае пра свой запавет.

2. Спявайце і грайце Пану псальмы, *
распавядайце пра ўсе Ягоныя цуды.
3. Ганарыцеся імем Яго святым, *
няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана.

Рэфрэн:

4. Шукайце Пана і Яго моцы, *
шукайце заўсёды Яго аблічча.
5. Памятайце пра цуды Ягоныя, якія ўчыніў, *
пра знакі Яго і суды вуснаў Ягоных.

Рэфрэн:

6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
7. Ён Пан Бог наш, *
па ўсёй зямлі Яго правасуддзе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 11, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Шчаслівыя, хто слухае слова Божае
і захоўвае яго.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 27–28
Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус прамаўляў да народа, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!

А Ён сказаў: Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Прыклад у слуханні Езуса

Вокліч жанчыны, напэўна маці, з’яўляецца пахвалой мацярынству. Уражаная навучаннем Езуса, жанчына звяртаецца ў думках да Яго Маці. Трэба высока дацаніць яе словы і адвагу, з якой яна гучна ўсклікнула з натоўпу. Насамрэч у Евангеллі рэдка можна сустрэць словы прызнання ў адрас Марыі, прычым у такіх выключных вобразах, якія падкрэсліваюць яе мацярынскі клопат. Яе Сын Езус прымае гэтыя словы з ухваленнем, а нават развівае і пашырае кола гэтых шчаслівых. Марыя слухала дасканалым спосабам і захоўвала ўсе словы ў сваім сэрцы. Таму як Маці Божага Слова і Слухач Яна з’яўляецца для нас прыкладам у штодзённым слуханні Езуса.

Хрысце, Ты быў народжаны праз слова Айца перад вякамі, кожны, хто з верай слухае Цябе, становіцца шчаслівым ужо тут, на зямлі. Па прыкладу Марыі прымаю і захоўваю ў сэрцы Тваё Слова.

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Субота, Разважанні

Друкаваць