Аўторак — дваццаць восьмы звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 1, 16-25
Калі людзі пазналі Бога, не як Бога праслаўлялі Яго
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Я не саромеюся Евангелля, бо гэта моц Божая, дадзеная для збаўлення кожнаму, хто верыць, спярша юдэю, а потым і грэку. Бо ў Ім адкрываецца справядлівасць Божая з веры для веры, як напісана: Праведны жыць будзе вераю.
Бо аб’яўляецца гнеў Божы з неба супраць ўсялякай бязбожнасці і няпраўды людзей, якія стрымліваюць праўду несправядлівасцю. Бо тое, што можна ведаць пра Бога, відавочнае сярод іх, таму што Бог адкрыў ім. Ад стварэння свету Яго нябачныя рысы, адвечная моц і Боскасць, бачныя праз спасціжэнне Ягоных чынаў, таму няма ім апраўдання. Бо яны, пазнаўшы Бога, не як Бога праслаўлялі Яго і дзякавалі Яму, але сталі нікчэмнымі ў разважаннях сваіх, і зацямнілася іх неразумнае сэрца. Называючы сябе мудрымі, яны сталі неразумнымі і славу нятленнага Бога замянілі на вобраз тленнага чалавека і птушак, і чатырохногіх, і паўзуноў.
Таму і аддаў іх Бог праз пажадлівасць іхніх сэрцаў нячыстасці, каб яны самі зняславілі свае целы. Яны замянілі праўду Божую на фальш, і пакланяліся, і служылі стварэнню, а не Стварыцелю, які благаслаўлёны навекі. Амэн.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 19 (18), 2-3, 4-5 (Р.: 2а)
Рэфрэн: Нябёсы абвяшчаюць Божую славу.
2. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, *
пра справу рук Яго расказвае небасхіл.
3. Дзень дню апавядае слова, *
ноч ночы адкрывае веды.
Рэфрэн:
4. Няма мовы, і няма слоў, *
але чуецца іх голас.
5. Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх гук, †
і да межаў сусвету словы іхнія. *
Для сонца там шацёр у іх.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Гбр 4, 12
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Слова Божае жывое і дзейснае,
здольнае судзіць думкі і намеры сэрца.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 37–41
Давайце лепш міласціну, тады ўсё будзе ў вас чыстае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус гаварыў, адзін фарысей запрасіў Яго да сябе абедаць. Ён прыйшоў і ўзлёг за сталом. Фарысей жа здзівіўся, што Ён не абмыў рук перад абедам.
Але Пан сказаў яму: Цяпер вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубкі і місы, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю. Неразумныя, ці не той, хто стварыў вонкавае, стварыў і тое, што ўнутры? Давайце лепш міласціну з таго, што ўнутры вас, тады ўсё будзе ў вас чыстае.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні