Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

XXVI Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 6, 1а. 4-7
Цяпер сціхне крык радасці распешчаных

Чытанне кнігі прарока Амоса.

Так кажа Пан усемагутны:

Гора бесклапотным на Сіёне і тым, хто спадзяецца на гару самарыйскую.

Тым, хто ўзлёг на ложах са слановай косці і песціцца на сваіх пасцелях, хто есць ягнят са статку і цялят з сярэдзіны пашы. Тым, хто спявае пад гукі гусляў, хто выдумляе сабе, нібы Давід, музычныя інструменты. Хто п’е з келіхаў віно, намашчваецца найлепшымі алеямі і не перажывае з-за падзення Юзафа.

Таму цяпер пойдуць яны ў выгнанне на чале палонных, і сціхне радасны крык распешчаных.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 146 (145), 6c-7. 8-9а. 9bc-10 (Р.: 1b)

Рэфрэн: Хвалі, душа мая, Пана.

6. Бог навекі захоўвае вернасць. *
7. Справядліва судзіць пакрыўджаных,
хлеб дае пакорным, *
Пан вызваляе вязняў.

Рэфрэн:

8. Пан адкрывае вочы сляпым, *
Пан узнімае прыніжаных.
Пан любіць справядлівых, *
9. Пан абараняе чужаземцаў.

Рэфрэн:

Пан сірату і ўдаву падтрымлівае, *
а шлях грэшных скрыўляе.
10. Пан валадарыць навекі, *
твой Бог, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Цім 6, 11-16
Захоўваць запаведзь да аб’яўлення Пана

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Ты, о чалавек Божы, пазбягай памылак, імкніся да справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці і лагоднасці. Змагайся добрым змаганнем веры, трымайся вечнага жыцця, да якога ты пакліканы і пра якое ты даў добрае вызнанне перад многімі сведкамі.

Перад Богам, які дае жыццё ўсяму, і перад Езусам Хрыстом, які даў перад Понціем Пілатам добрае сведчанне, наказваю табе захоўваць запаведзь чыстай і беззаганнай аж да аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста, якое ў свой час пакажа шчаслівы і адзіны Моцны, Кароль над каралямі і Пан над панамі, адзіны несмяротны, які жыве ў недаступным святле, якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа. Яму пашана і вечная моц! Амэн.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кар 8, 9

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас,
каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 16, 19-31
Ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, таксама і Лазар – ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў фарысеям: Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак, па імені Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя.

Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым. Але Абрагам сказаў: Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар – ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці.

Тады сказаў ён: Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты. Абрагам адказаў: У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх. А ён сказаў: Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. Тады Абрагам сказаў яму: Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Дабрачынная акцыя “Светлае Свята Вялікадня”

    Згодна з добрай традыцыяй, моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.