Серада — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нм 2, 1-8
Калі гэта спадабаецца каралю, пашлі мяне ў горад айцоў маіх, каб я адбудаваў яго

Чытанне кнігі Нээміі.

У месяцы Нісан, на дваццатым годзе панавання караля Артаксэркса, стаяла перад ім віно. І я, Нээмія, ўзяў віно і падаў каралю, і, здавалася, не быў засмучаны перад ім. Але кароль сказаў мне: Чаму твар твой засмучаны, ты ж не хворы? Гэта нішто іншае, як смутак у сэрцы. Я вельмі спалохаўся і сказаў каралю: Няхай жыве кароль навекі! Як не быць засмучаным абліччу майму, калі горад, дом грабніц айцоў маіх, у заняпадзе, і брамы яго спалены агнём! І сказаў мне кароль: Чаго ж ты патрабуеш? Я памаліўся Богу нябеснаму і сказаў каралю: Калі гэта спадабаецца каралю, і калі слуга твой знайшоў прыхільнасць у вачах Тваіх, то пашлі мяне ў Юдэю, у горад грабніц айцоў маіх, каб я адбудаваў яго.

І сказаў мне кароль і каралева, якая сядзела каля яго: Колькі часу працягнецца шлях твой, і калі вернешся? І пажадаў кароль паслаць мяне, і я вызначыў яму час. Я сказаў каралю: Калі гэта спадабаецца каралю, няхай дадуць мне ліст да кіраўнікоў зарэчнай краіны, каб правялі мяне, пакуль не дайду да Юдэі; і ліст да Асафа, дазорцы каралеўскіх лясоў, каб даў мне дрэва на будоўлю замкавай брамы, што каля святыні, і на гарадскую сцяну, і на дом, у якім буду жыць.

І даў мне кароль, бо добрая рука Бога майго была нада мною.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 137 (136), 1-2. 3. 4-5. 6 (Р.: 6)

Рэфрэн: Узніму Ерузалем на вяршыню маёй радасці.

1. Над рэкамі Бабілёна сядзелі мы і плакалі, *
калі ўспаміналі пра Сіён.
2. На вербах пасярод яго *
павесілі мы нашыя арфы.

Рэфрэн:

3. Бо тыя, хто ўзяў нас у палон, *
патрабавалі ад нас песняў,
а прыгнятальнікі нашыя – вяселля: *
Заспявайце нам адну з песень Сіёну.

Рэфрэн:

4. Як жа нам спяваць песні Пана *
на чужой зямлі?
5. Калі забуду цябе, Ерузалем, *
няхай засохне мая правіца.

Рэфрэн:

6. Няхай прыліпне язык мой да паднябення майго, *
калі не буду памятаць пра цябе,
калі не ўзніму Ерузалем *
на вяршыню маёй радасці.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Флп 3, 8–9

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я ўсё прызнаю стратай і лічу смеццем,
каб набыць Хрыста і знайсці сябе ў Ім.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 9, 57–62
Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус і вучні Ягоныя былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.

А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае.

Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць