Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

ХХIV Звычайная нядзеля, Год C

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 32, 7-11. 13-14
Адступіўся Пан ад зла, якое думаў зрабіць народу свайму

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Пан сказаў Майсею: Хутчэй ідзі ўніз, бо зграшыў твой народ, які ты вывеў з егіпецкай зямлі. Хутка адвярнуліся яны ад шляху, які Я ім наказаў, і зрабілі сабе адлітага цяльца, і пакланяліся яму, і прыносілі яму ахвяры, кажучы: Вось бог твой, Ізраэль, які вывеў цябе з егіпецкай зямлі.

І зноў сказаў Пан Майсею: Я бачу народ гэты: гэта народ з цвёрдым каркам. А цяпер пакінь Мяне, каб запалаў гнеў Мой на іх і каб Я павынішчаў іх. З цябе ж Я зраблю вялікі народ.

Аднак Майсей пачаў маліць Пана Бога свайго, кажучы: Чаму разгарэўся Твой гнеў на Твой народ, які Ты вывеў з егіпецкай зямлі вялікаю моцай і магутнаю рукою? Успомні Абрагама, Ісаака і Ізраэля, слугаў Тваіх, якім Ты пакляўся самім сабою, кажучы: Памножу ваша патомства, як зоркі нябесныя; і ўсю гэту зямлю, пра якую казаў Я, дам нашчадкам вашым у вечную спадчыну.

І адступіўся Пан ад зла, якое думаў зрабіць народу свайму.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 51 (50), 3-4. 12-13. 17 і 19 (Р.: Лк 15, 18)

Рэфрэн: Устану і пайду да айца майго.

3. Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй *
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае.
4. Абмый цалкам мяне ад правінаў маіх *
і ачысці мяне ад граху майго.

Рэфрэн:

12. Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, *
і аднаві ўва мне трывалы дух.
13. Не адкінь мяне ад свайго аблічча *
і не пазбаў мяне Духа Твайго Святога.

Рэфрэн:

17. Пане, адкрый мае вусны, *
і вусны мае будуць абвяшчаць Тваю хвалу.
19. Ахвяра для Бога – дух пакорны,
сэрцам зламаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Цім 1, 12-17
Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Я дзякую нашаму Пану Езусу Хрысту, які ўмацаваў мяне, таму што Ён палічыў мяне вартым даверу, паставіўшы на службу, хоць я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і. І ласка нашага Пана шчодра перапоўніла мяне разам з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысце.

Годнае веры слова і вартае поўнага прыняцця, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы. Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю велікадушнасць як прыклад тым, хто будзе верыць ў Яго дзеля жыцця вечнага. А Валадару вякоў, нятленнаму і нябачнаму, адзінаму Богу – пашана і слава на векі вечныя. Амэн.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кар 5, 19

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет,
даючы нам слова паяднання.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 15, 1-10
На нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.

Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку.

Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.

Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць свечкі і не пачне вымятаць дом і пільна шукаць, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак ды скажа: цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму.

Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.
  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».