Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

XXII Звычайная нядзеля, Год C

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 3, 17-18. 20. 28-29
Станавіся пакорным, і знойдзеш ласку ў вачах Пана

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Дзіця, рабі свае справы ў пакоры, і будзе любіць цябе чалавек богаўгодны. Чым больш ты вялікі, тым больш пакорным станавіся, і тады знойдзеш ласку ў вачах Пана, бо вялікая магутнасць Пана і праз пакорных праслаўляецца Ён.

Няма леку на нядолю ганарыстага, бо парастак зла пусціў у ім карані. Сэрца разумнага разважае над прыпавесцю, а мець уважлівае вуха – гэта жаданне мудраца.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 68 (67), 4-5аc. 6-7аb. 10-11 (Р.: пар. 11b)

Рэфрэн: Божа, Ты падрыхтаваў дом убогаму.

4. А справядлівыя няхай узрадуюцца і ўзвесяляцца перад Богам, *
і трыумфуюць у радасці.
5. Спявайце Богу, слаўце імя Яго, *
радуйцеся перад Яго абліччам.

Рэфрэн:

6. Айцец для сіротаў і суддзя ўдоваў – *
Бог у сваім святым жыллі.
7. Бог рыхтуе дом для самотных, *
вязняў выводзіць да шчасця.

Рэфрэн:

10. Шчодры дождж спаслаў Ты, Божа, *
падмацаваў сваю знямоглую спадчыну.
11. Твае стварэнні там жылі; *
у дабрыні сваёй Ты дапамагаў убогаму, Божа.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Гбр 12, 18-19. 22-24а
Вы прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Вы не прыступіліся ні да намацальнага, ні да распаленага агню, ні да змроку, цемры і буры, ні да гулу трубы і такога голасу словаў, што тыя, хто яго пачуў, прасілі больш не звяртацца да іх непасрэдна.

Вы ж прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерузалема, да безлічы Анёлаў, да святочнага сходу, да Касцёла першародных, запісаных у нябёсах, і да Бога – Суддзі ўсіх, да духаў праведных, якія дасягнулі дасканаласці, да Езуса – Пасрэдніка Новага Запавету.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 11, 29аb

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вазьміце ярмо Маё на сябе, – кажа Пан, –
і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 14, 1. 7-14
Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус прыйшоў у суботу да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.

Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: Саступі яму месца. І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.

А калі цябе запросяць, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: Дружа, перасядзь вышэй. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца.

Пасля Езус сказаў таму, хто запрасіў Яго: Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату.

Але, калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.