Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — дваццаць другі звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Клс 1, 15-20
Усё праз Яго і для Яго створана

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:

Езус Хрыстус з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння. Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады – усё праз Яго і для Яго створана. Ён ёсць раней за ўсё, і ўсё трымаецца ў Ім. Ён – Галава Цела, гэта значыць, Касцёла. Ён – пачатак, першародны з мёртвых, каб Ён ва ўсім меў першынство. Бо спадабалася Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы мір праз Кроў Ягонага крыжа.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 100 (99), 2. 3. 4-5 (Р.: 2с)

Рэфрэн: Станьце перад абліччам Пана з радасным спевам.

2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.

Рэфрэн:

3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ *
і авечкі Ягонай паствы.

Рэфрэн:

4. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, †
на дзядзінцы Ягоныя з пахвалою, *
праслаўляйце і благаслаўляйце Яго імя.

Рэфрэн:

5. Бо Пан ёсць добры, *
навекі Ягоная міласэрнасць,
і вернасць Яго *
з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 8, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я – святло свету, – кажа Пан.
Хто ідзе за Мною, той будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 5, 33–39
Калі жаніх будзе забраны ад іх, тады і будуць посціць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Фарысеі і кніжнікі казалі Езусу: Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобным чынам робяць і вучні фарысеяў, а Твае – ядуць і п’юць. Езус адказаў ім: Ці можаце прымусіць гасцей вяселля посціць, пакуль жаніх застаецца з імі? Але прыйдуць дні, калі жаніх будзе забраны ад іх, тады і будуць посціць у тыя дні.

І расказаў ім прыпавесць: Ніхто не адрывае латкі ад новага адзення, каб прышыць да старога. Інакш і новае парвецца, і да старога не падыдзе латка ад новага.

Ніхто таксама не налівае новага віна ў старыя мяхі. Інакш новае віно мяхі парве і само выцячэ, і мяхі прападуць. Новае ж віно трэба наліваць у новыя мяхі. І ніхто, выпіўшы старога, не хоча новага, бо кажа: Старое лепшае.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Дабрачынная акцыя “Светлае Свята Вялікадня”

    Згодна з добрай традыцыяй, моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.