Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 1, 1-5. 8b-10
Пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў

Пачатак Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Павел і Сілуан, і Цімафей да Касцёла Тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце; ласка вам і спакой.

За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, узгадваючы вас у малітвах нашых, няспынна памятаючы пра вашую справу веры і клопат любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым, ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае. Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў поўнай перакананасці. Вы ведаеце, якімі сталі мы ў вас дзеля вас.

У кожным месцы распаўсюджвалася ваша вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць. Самі яны пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў з мёртвых, – Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 149, 1-2. 3-4. 5-6а і 9b (Р.: 4а)

Рэфрэн: Спявайце Пану, бо народ свой любіць.
Або: Аллелюя.

1. Спявайце Пану новую песню, *
хвала Яму на сходзе святых.
2. Няхай радуецца Ізраэль у тым, хто яго стварыў, *
сыны Сіёну няхай цешацца ў сваім Валадары.

Рэфрэн:

3. Няхай праслаўляюць імя Ягонае ў танцы, *
няхай зайграюць Яму на бубне і гарфе.
4. Бо Пан любіць свой народ, *
пакорных карануе збаўленнем.

Рэфрэн:

5. Няхай усклікаюць святыя ў славе, *
няхай радуюцца на ложах сваіх.
6. Пахвалы Богу на іх вуснах. *
9. Гэтая хвала для ўсіх Ягоных святых.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 27

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі мае слухаюць Мой голас, – кажа Пан, –
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 23, 13–22
Гора вам, сляпыя правадыры

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Езус прамовіў, кажучы: Гора вам, кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі. Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што абыходзіце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго празелітам. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі.

Гора вам, сляпыя правадыры, якія кажаце: Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны. Неразумныя і сляпыя, бо што большае: золата, ці святыня, якая асвячае золата? І зноў: Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны. Сляпыя, бо што большае: дар, ці ахвярнік, які асвячае дар? Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім. І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй. А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.