Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

XXI Звычайная нядзеля, Год C

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 66, 18-21
Прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Я ведаю ўчынкі іхнія і задумы іхнія. І прыйду сабраць усе народы і мовы, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю. І ўстанаўлю сярод іх знак, і пашлю ацалелых з іх да народаў: у Тарс, Пул і Луд, у Мэсэх, Тубаль і Яван, на далёкія астравы, якія не чулі пра Мяне і не бачылі славы Маёй. Яны абвесцяць славу Маю між народамі. І прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў у прынашэнне Пану на конях, калясніцах і насілках, на мулах і вярблюдах у Ерузалем, на Маю святую гару, – кажа Пан, – як прыносяць сыны Ізраэля прынашэнне ў чыстым начынні ў дом Пана. І прызначу некаторых з іх святарамі і левітамі, – кажа Пан.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 117 (116), 1-2 (Р.: Мк 16, 15)

Рэфрэн: Ідзіце і абвяшчайце Евангелле.
Або: Аллелюя.

1. Хваліце Пана, усе народы, *
праслаўляйце Яго ўсе плямёны.
2. Бо вялікая над намі Яго міласэрнасць, *
і вернасць Ягоная трывае навекі.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Гбр 12, 5-7. 11-13
Каго Пан любіць, таго і карае

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Вы забыліся пра заахвочванне, якое кажа вам, як сынам:

Сыне мой, не пагарджай пакараннем Пана і не падай духам, калі Ён дакарае цябе. Бо каго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына.

Будзьце цярплівыя да пакаранняў. Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Ці ж ёсць такі сын, якога б не караў бацька?

Цяпер усялякая пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала. Таму выпрастайце вашы апаўшыя рукі і аслаблыя калені. Рабіце простыя сцежкі нагамі вашымі, каб кульгавы не збочыў, але каб выздаравеў.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 14, 6

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я – дарога, і праўда, і жыццё, – кажа Пан.
Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 13, 22-30
Прыйдуць з усходу і з захаду, і сядуць за стол у Валадарстве Божым

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Накіроўваючыся ў Ерузалем, Езус праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў.

І нехта сказаў Яму: Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?

Ён жа сказаў ім: Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.

Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы па-за домам, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: Пане, адчыні нам. Але Ён скажа ў адказ: Не ведаю вас, адкуль вы.

І пачнеце казаць: Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты. Але Ён скажа вам: Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць.

Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе – выкінутых вон. І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"