Чацвер — дваццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Суд 11, 29-39а
Ахвярую ва ўсеспаленне Пану першае, што выйдзе мне насустрач з дому

Чытанне кнігі Суддзяў.

У тыя дні:

Дух Пана быў над Ефтаем, і ён прайшоў зямлю Гілеада і Манасэса, і прайшоў гілеадскую Міцпу, а з гілеадскай Міцпы рушыў супраць аманіцянаў. Ефтай пакляўся Пану, кажучы: Калі Ты аддасі аманіцянаў у мае рукі і я вярнуся з мірам ад аманіцянаў, тады ахвярую ва ўсеспаленне Пану першае, што выйдзе мне насустрач з варотаў майго дому.

І прыйшоў Ефтай да аманіцянаў, каб ваяваць з імі, і Пан аддаў іх у рукі ягоныя. І ён нанёс ім вельмі вялікае паражэнне, пачынаючы ад Араэра аж да ўваходу ў Мініт, дваццаць гарадоў да Абэль-Харміна. І аманіцяне скарыліся перад сынамі Ізраэля.

А калі Ефтай вяртаўся да свайго дому ў Міцпу, выйшла яму насустрач адзіная дачка ягоная з бубнамі і танцамі. І не было ў яго іншых дзяцей. Убачыўшы яе, Ефтай разарваў шаты свае і сказаў: Гора мне, дачка мая, якое няшчасце ты спаслала на мяне! Ты пазбавіла мяне спакою! Бо я пакляўся перад Панам і не змагу ўчыніць інакш.

Яна адказала яму: Ойча мой, калі ты пакляўся перад Панам, то рабі са мной тое, што паабяцаў, таму што Пан дазволіў табе адпомсціць тваім ворагам, аманіцянам. І сказала бацьку: Дазволь мне папрасіць толькі аб адным: адпусці мяне на два месяцы падняцца ў горы, каб аплакаць маё дзявоцтва з маімі сяброўкамі. Ён адказаў: Ідзі, – і адпусціў яе на два месяцы. Яна пайшла з сяброўкамі сваімі і аплаквала ў гарах сваё дзявоцтва разам са сваімі сяброўкамі.

Калі ж мінула два месяцы, яна вярнулася да свайго бацькі, і ён зрабіў з ёю так, як пакляўся.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 40 (39), 5. 7-8а. 8b-9. 10 (Р.: пар. 8а і 9а)

Рэфрэн: Прыходжу, Пане, споўніць Тваю волю.

5. Шчаслівы чалавек, *
які спадзяецца на Пана,
і не звяртаецца да ганарыстых *
і схільных да маны.

Рэфрэн:

7. Ахвяры і прынашэння Ты не пажадаў, *
але Ты адкрыў мне вушы.
Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. *
8. Тады сказаў я: Вось іду.

Рэфрэн:

У пачатку кнігі *
напісана пра мяне.
9. Я пажадаў спаўняць Тваю волю; *
і Твае законы жывуць у сэрцы маім.

Рэфрэн:

10. Я абвяшчаў Тваю справядлівасць *
на вялікім сходзе
і не закрываў вуснаў сваіх, *
Ты гэта ведаеш, о Пане.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Пс 95 (94), 8аb

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя,
але слухайце голас Пана.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 22, 1-14
Усіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. Ён паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці.

Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!

Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.

Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.

Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.

Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельную вопратку, і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі? Ён прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: Звяжыце яму ногі і рукі, і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць