Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — васемнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 4, 32-40
Ён палюбіў айцоў тваіх і выбраў нашчадкаў іхніх пасля іх

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Спытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табою, ад таго дня, калі Бог стварыў чалавека на зямлі; ад аднаго краю нябёсаў аж да другога, ці было некалі штосьці такое вялікае, як гэта, і ці было вядома штосьці падобнае? Ці чуў народ голас Божы, які гаварыў з агня, як ты чуў, і застаўся жывы? Або ці спрабаваў некалі Бог прыйсці і выбраць сабе народ паміж іншага народу праз выпрабаванні, знакі і цуды, і вайну, моцнаю рукою і ўзнятым плячом, і праз чыны страшныя – праз усё тое, што зрабіў для вас Пан, Бог ваш, перад вашымі вачыма ў Егіпце?

Гэта было паказана табе, каб ты ведаў, што Пан ёсць Богам, і няма іншага, апроч Яго. З неба Ён даў табе пачуць свой голас, каб навучыць цябе, і на зямлі паказаў табе свой вялікі агонь, і ты чуў словы ягоныя з сярэдзіны агню, бо Ён палюбіў айцоў тваіх і выбраў нашчадкаў іхніх пасля іх. Ён сам вывеў цябе з Егіпта сваёй магутнай сілай, каб прагнаць перад табою большыя і мацнейшыя за цябе народы, і прывесці цябе, і даць табе ва ўладанне зямлю іх, як у сённяшні дзень.

Таму ведай цяпер і захоўвай у сэрцы сваім, што Пан ёсць Богам на небе ў вышыні і на зямлі ўнізе, і няма іншага. Захоўвай Яго пастановы і Яго запаведзі, што я наказваю табе сёння, каб добра было табе і тваім сынам пасля цябе, каб доўгі быў твой век на зямлі, якую на ўсе дні дае табе Пан, твой Бог.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 77 (76), 12-13. 14-15. 16 і 21 (Р.: 12а)

Рэфрэн: Буду ўспамінаць справы Твае, Пане.

12. Буду ўспамінаць справы Пана, *
буду ўспамінаць Твае даўнія цуды.
13. Буду разважаць над усімі чынамі Тваімі, *
думаць пра ўсе Твае справы.

Рэфрэн:

14. Божа, Твой шлях святы, *
які бог настолькі вялікі, як наш Бог?
15. Ты – Бог, які чыніць цуды, *
Ты аб’явіў народам сваю моц.

Рэфрэн:

16. Сваёй рукою Ты вызваліў народ свой, *
сыноў Якуба і Юзафа.
21. Як статак, вёў Ты народ свой *
рукой Майсея і Аарона.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 5, 10

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 16, 24–28
Што дасць чалавек узамен за жыццё сваё?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе увесь свет, а жыццю свайму прынясе шкоду? Або што дасць чалавек узамен за жыццё сваё? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з Анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто стаіць тут, не скаштуюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, які ідзе ў Валадарстве сваім.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць