Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — сямнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Лев 23, 1. 4-11. 15-16. 27. 34b-37
Вось святы Пана, на якія будзеце склікаць святы сход

Чытанне кнігі Левіта.

Пан прамовіў да Майсея, кажучы: Вось святы Пана, сходы святыя, якія вы павінны склікаць у адпаведны час.

У першы месяц, у чатырнаццаты дзень месяца пад вечар – Пасха Пана. А ў пятнаццаты дзень таго самага месяца – свята Праснакоў для Пана. Сем дзён будзеце есці праснакі. У першы дзень будзе скліканы для вас святы сход; не будзеце выконваць ніякай працы, але на працягу сямі дзён будзеце прыносіць ахвяры спалення для Пана. У сёмы дзень будзе святы сход; не будзеце выконваць ніякай працы. І прамовіў Пан да Майсея, кажучы: Звярніся да сыноў Ізраэля і скажы ім: калі ўвойдзеце ў зямлю, што Я дам вам, і будзеце збіраць ураджай, прынясеце святару сноп з пачаткаў ураджаю вашага. Ён патрасе снапом перад Панам, каб вам здабыць прыхільнасць. На наступны дзень пасля шабату святар патрасе ім.

Адлічыце сабе таксама ад першага дня пасля шабату, ад дня, калі прынясеце сноп для калыхання, сем поўных тыдняў. Аж да першага дня пасля сёмага шабату адлічыце пяцьдзесят дзён і прынясіце новую некрывавую ахвяру для Пана.

У дзесяты дзень таго ж сёмага месяца – дзень Ачышчэння, ён будзе для вас святым сходам. Скарыце душы вашыя і прынясіце ахвяру спалення для Пана.

У пятнаццаты дзень таго ж сёмага месяца будзе свята Шатроў, сем дзён для Пана. У першы дзень святога сходу не будзеце выконваць ніякай працы. На працягу сямі дзён будзеце прыносіць ахвяры спалення для Пана. На восьмы дзень будзе ў вас святы сход, і прынясеце Пану ахвяру спалення. Гэта ўрачысты сход; не будзеце выконваць ніякай працы. Вось святы Пана, на якія будзеце склікаць святы сход, каб прыносіць ахвяры спалення для Пана: усеспаленні і некрывавыя, ахвяры крывавыя і ўзліванні, што прызначана ў гэты дзень.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 81 (80), 3-4. 5-6ab. 10-11ab (Р.: 2а)

Рэфрэн: Спявайце Богу, цвярдыні нашай.

3. Заспявайце песню і ўдарце ў бубен, *
зайграйце на мілагучнай арфе і на гуслях.
4. Трубіце ў рог у час маладзіковы, *
у час поўні, у дзень наш урачысты.

Рэфрэн:

5. Бо гэта закон для Ізраэля, *
загад Якубавага Бога.
6. Ён устанавіў гэта як сведчанне Юзэфу, *
калі той выходзіў з зямлі егіпецкай.

Рэфрэн:

10. Не будзе пасярод цябе чужога бога, *
не будзеш пакланяцца іншаземнаму богу.
11. Я Пан, Бог твой, *
які вывеў цябе з зямлі егіпецкай.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 1 П 1, 25

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Слова Пана трывае навекі;
і гэтым словам ёсць Добрая Навіна, абвешчаная вам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 13, 54–58
Ці не сын Ён цесляра? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну і вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэтая мудрасць і моц? Ці не сын Ён цесляра, ці не Ягоную Маці завуць Марыя, а братоў Ягоных Якуб і Юзаф, Сымон і Юда? І сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта? І сумняваліся ў Ім.

А Езус сказаў ім: Не бывае прарока без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім. І не ўчыніў там шмат цудаў з-за нявер’я іхняга.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"