Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак — сямнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 33, 7-11; 34, 5b-9. 28
Пан гаварыў з Майсеем тварам у твар

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Майсей узяў шацёр і расцягнуў яго па-за лагерам, здалёк ад стана, і назваў яго шатром спаткання. І кожны, хто шукаў Пана, прыходзіў да шатра спаткання, які знаходзіўся па-за лагерам. Калі Майсей выходзіў да шатра, усе людзі ўставалі і кожны, стоячы каля ўваходу да сваёй палаткі, глядзеў услед Майсею, пакуль ён не ўвойдзе ў шацёр. Калі ж ён уваходзіў у шацёр, сыходзіў воблачны слуп і станавіўся пры ўваходзе. Пан гаварыў з Майсеем, а ўсе людзі бачылі воблачны слуп, што стаяў пры ўваходзе ў шацёр. І ўвесь народ уставаў, і кожны кланяўся пры ўваходзе да сваёй палаткі. А Пан гаварыў з Майсеем тварам ў твар, як чалавек звычайна размаўляе з сябрам сваім. Пасля Майсей вяртаўся ў лагер, але ягоны слуга Езус, сын Навіна, не выходзіў з шатра.

Калі Пан сышоў у воблаку, Майсей стаў паблізу Яго і абвясціў імя Пана. І прайшоў Пан перад ім, і ўсклікнуў: Пан, Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы, які захоўвае міласэрнасць на тысячы пакаленняў, які даруе беззаконне, злачынства і грэх, але нічога не пакідае беспакараным і за беззаконне айцоў карае дзяцей і ўнукаў да трэцяга і чацвёртага пакалення.

Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся Богу, і сказаў: Калі я знайшоў упадабанне ў вачах Тваіх, Пане, то няхай пройдзе Пан сярод нас, бо народ гэты з цвёрдым каркам. Даруй беззаконні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёй.

Так Майсей заставаўся там з Панам сорак дзён і сорак начэй. Не еў хлеба і не піў вады. І запісаў на табліцах словы запавету — Дзесяць Запаведзяў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 103 (102), 6-7. 8-9. 10-11. 12-13 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.

6. Пан здзяйсняе справядлівасць *
і правасуддзе для ўсіх прыгнечаных.
7. Ён паказаў шляхі свае Майсею, *
сынам Ізраэля — справы свае.

Рэфрэн:

8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Не злуецца вечна *
і не палае гневам навекі.

Рэфрэн:

10. Не паступае з намі паводле грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.
11. Бо, як высока ўзносіцца неба над зямлёю, *
настолькі вялікая міласэрнасць Пана да тых, хто Яго баіцца.

Рэфрэн:

12. Як далёка ўсход ад захаду, *
так аддаліў ад нас Ён нашыя правіны.
13. Як літуецца бацька над сынамі, *
так змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Як 1, 18

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Зерне — гэта Божае слова, а сейбіт — Хрыстус;
кожны, хто знойдзе Яго, будзе жыць навекі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 13, 36–43
Пакіньце расці разам тое і другое да жніва

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус, адпусціўшы народ, увайшоў у дом, падышлі да Яго вучні Яго і сказалі: Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі. Ён жа сказаў ім у адказ: Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога; вораг, які пасеяў іх, — гэта злы дух; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта Анёлы.

Таму, калі збіраюць каласоўнік, агнём паляць; так будзе пры сканчэнні гэтага свету. Пашле Сын Чалавечы Анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто робіць беззаконне. I ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у валадарстве Айца іх. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.