Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — шаснаццаты звычайны тыдзень. Год I

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 24, 3–8
Гэта кроў запавету, які Пан заключыў з вамі

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Прыйшоў Майсей з гары і пераказаў народу ўсе словы Пана і ўсе Яго пастановы. І ўвесь народ адказаў аднагалосна: Усе словы, якія сказаў Пан, выканаем.

І напісаў Майсей усе словы Пана. А ўстаўшы рана, пабудаваў ахвярнік пад гарою і дванаццаць слупоў паводле дванаццаці плямёнаў Ізраэля. І паслаў юнакоў, сыноў Ізраэля, каб яны прынеслі Пану ахвяру ўсеспалення і мірную ахвяру з маладых быкоў.

Пасля ўзяў Майсей палову крыві і наліў яе ў місы, а другую палову крыві выліў на ахвярнік. Потым узяў кнігу Запавету і прачытаў уголас людзям, і сказалі яны: Усё, што сказаў Пан, зробім, і будзем паслухмянымі.

Майсей узяў кроў, акрапіў народ і сказаў: Гэта кроў запавету, які Пан заключыў з вамі паводле ўсіх гэтых слоў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 50 (49), 1-2. 5–6. 14-15 (Р.: 14а)

Рэфрэн: Прынось Богу ахвяру падзякі.

1. Прамовіў Пан, Бог над багамі *
і паклікаў зямлю ад усходу да захаду сонца.
2. Бог заззяў з Сіёна,
з дасканалай красы.

Рэфрэн:

7. Збярыце да Мяне верных Маіх, *
якія праз ахвяру заключылі са Мной запавет.
8. І нябёсы абвесцяць Яго справядлівасць, *
таму што сам Бог — суддзя.

Рэфрэн:

14. Прынось Богу ахвяру падзякі *
і выконвай свае абяцанні перад Найвышэйшым.
15. Кліч Мяне ў дзень нядолі, *
Я ўратую цябе, а ты Мяне праславіш.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Як 1, 21bc

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыміце з пакораю пасеянае ў вас слова,
якое можа збавіць вашыя душы.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 13, 24-30
Пакіньце расці разам тое і другое да жніва

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы:

Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і сышоў. Калі ж збажына прарасла і дала плод, тады з’явіўся таксама каласоўнік.

І прыйшлі слугі гаспадара дому, і сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік? Ён адказаў ім: Вораг зрабіў гэта. Тады слугі сказалі яму: Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не. Бо, выбіраючы каласоўнік, вы можаце павырываць разам з ім і пшаніцу. Пакіньце да жніва расці разам тое і другое. А ў час жніва я скажу жняцам: Збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў гумно маё.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"