Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — шаснаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 16, 1-5. 9-15
Я пралью на вас хлеб з неба

Чытанне кнігі Зыходу.

Сыны Ізраэля вырушылі з Эліма. І ў пятнаццаты дзень другога месяца пасля зыходу з егіпецкай зямлі ўся супольнасць сыноў Ізраэля прыбыла ў пустыню Сін, што знаходзіцца паміж Элімам і Сінаем.

І пачала ўся супольнасць наракаць у пустыні. І казалі сыны Ізраэля супраць Майсея і Аарона: Лепш бы мы загінулі ад рукі Пана ў зямлі егіпецкай, калі сядзелі пры катле з мясам і спажывалі ўдосталь хлеба. Вы прывялі нас ў гэтую пустыню, каб замарыць голадам увесь сход?

Тады Пан сказаў Майсею: Вось Я пралью на вас хлеб з неба. І штодня народ будзе выходзіць і збіраць, колькі трэба на дзень, каб Мне выпрабаваць яго, ці будзе ён паступаць супраць Майго Закону, ці не. А ў шосты дзень няхай нарыхтуюць, што прынясуць, і будзе ўдвая больш, чым звычайна збіраюць у кожны іншы дзень.

І сказаў Майсей Аарону: Скажы ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля: наблізьцеся да Пана, бо Ён пачуў нараканні вашы. І калі Аарон гаварыў да ўсяго сходу сыноў Ізраэля, яны азірнуліся на пустыню. І вось слава Пана з’явілася ў воблаку. І прамовіў Пан да Майсея, кажучы: Я пачуў нараканні сыноў Ізраэля. Скажы ім: Вечарам будзеце есці мяса, а раніцай будзеце насычаны хлебам і спазнаеце, што Я – Пан Бог ваш.

Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі ўвесь стан, а раніцай раса лягла вакол лагера.

Калі ж раса знікла, над паверхняй пустыні з’явілася нешта дробнае і зярністае, нібы іней над зямлёю. Убачыўшы гэта, сыны Ізраэля казалі адзін аднаму: Што гэта? Бо яны не ведалі, што гэта. Тады Майсей сказаў ім: Гэта хлеб, які Пан даў вам для спажытку.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 78 (77), 18-19. 23-24. 25-26. 27-28 (Р.: пар. 24b)

Рэфрэн: Хлеб нябесны даў ім Пан.

18. Яны выпрабоўвалі Бога ў сваіх сэрцах, *
патрабуючы ежы паводле свайго жадання.
19. І гаварылі супраць Бога, кажучы: *
Ці ж можа Бог накрыць стол у пустыні?

Рэфрэн:

23. Але Ён загадаў хмарам з вышыні *
і адчыніў брамы нябёсаў.
24. І праліў, быццам дождж, на іх манну для ежы, *
і даў ім нябеснае зерне.

Рэфрэн:

25. Чалавек спажываў хлеб анёлаў, *
Ён паслаў ім ежы ўдосталь.
26. Ён узняў у нябёсах усходні вецер *
і навёў сваёю моцаю вецер паўднёвы.

Рэфрэн:

27. І спаслаў на іх мяса, як пыл, *
птушак крылатых, як пясок марскі.
28. І кінуў іх сярод іхняга стана, *
вакол іхняга жылля.

Рэфрэн:

 

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Зерне – гэта Божае слова, а сейбіт – Хрыстус;
кожны, хто знойдзе Яго, будзе жыць навекі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 13, 1-9
Прынеслі плён у сто разоў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. І шмат гаварыў ім ў прыпавесцях, кажучы:

Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх. Другія ўпалі на камяністае месца, дзе не было шмат глебы, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокай. Калі ж узышло сонца, яны завялі і з-за таго, што не мелі каранёў, засохлі. Іншыя зярняты ўпалі ў церні, і выраслі церні, і заглушылі іх. А яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць.

Хто мае вушы, няхай слухае!

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Дабрачынная акцыя “Светлае Свята Вялікадня”

    Згодна з добрай традыцыяй, моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.