Чацвер — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 3, 13-20
Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Майсей пачуў з сярэдзіны куста голас Пана і сказаў Яму: Вось я прыйду да сыноў Ізраэля і скажу ім: Бог айцоў вашых паслаў мяне да вас. А калі яны спытаюцца ў мяне: Якое ў Яго імя? Што адказаць мне ім? Тады сказаў Бог Майсею: Я ЁСЦЬ, ЯКІ ЁСЦЬ. І сказаў: Так скажаш сынам Ізраэля: ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас.
І гаварыў далей Бог Майсею: Так скажаш сынам Ізраэля: Пан, Бог айцоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас. Гэта імя Маё навекі і гэта напамін пра Мяне з пакалення ў пакаленне.
Ідзі, збяры старэйшых Ізраэля і скажы ім: Пан, Бог айцоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба, аб’явіўся мне і сказаў: Я наведаў вас і ўбачыў усё, што адбываецца з вамі ў Егіпце. І сказаў: Я выведу вас з прыгнёту егіпецкага ў зямлю хананейцаў, хетэяў, амарэяў, фэрэзеяў, хевеяў і евусеяў – у зямлю, якая сочыцца малаком і мёдам. І яны паслухаюць твой голас, і ты разам са старэйшынамі Ізраэля пойдзеш да караля Егіпта і скажаш Яму: Пан, Бог габрэяў, сустрэўся з намі. А цяпер дазволь нам пайсці ў пустыню на тры дні хадзьбы, каб прынесці ахвяру Пану Богу нашаму.
Але Я ведаю, што кароль Егіпта не дазволіць вам пайсці, калі не будзе змушаны магутнаю рукою. Таму Я працягну сваю руку і ўдару Егіпет усімі цудамі сваімі, якія ўчыню сярод іх. Пасля гэтага ён адпусціць вас.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 105 (104), 1 і 5. 8-9. 24-25. 26-27 (Р.: 8а)
Рэфрэн: Пан вечна памятае пра свой запавет.
4. Слаўце Пана, заклікайце імя Яго, *
абвяшчайце справы Яго сярод народаў.
5. Памятайце пра цуды Ягоныя, якія ўчыніў, *
пра знакі Яго і суды вуснаў Ягоных.
Рэфрэн:
10. Вечна Ён памятае пра свой запавет, *
пра слова, якое даў тысячам пакаленняў,
11. пра запавет, які заключыў з Абрагамам, *
і пра сваю прысягу, дадзеную Ісааку.
Рэфрэн:
24. Бог свой народ вельмі памножыў *
і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных.
25. Змяніў іх сэрцы, каб ненавідзелі народ Ягоны, *
каб паступалі хітра супраць Ягоных слугаў.
Рэфрэн:
26. Паслаў Майсея, слугу свайго, *
і Аарона, якога выбраў.
27. Яны паказалі сярод іх Яго знакі *
і цуды ў краіне Хама.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 11, 28
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас, — кажа Пан.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 11, 28–30
Я ціхі і пакорны сэрцам
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў у адказ: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні