Аўторак — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 32, 23-33
Будзеш звацца Ізраэлем, бо ты змагаўся з Богам
Чытанне кнігі Быцця.
У тыя дні:
Якуб падняўся ўначы, узяў дзвюх сваіх жонак, дзвюх служанак і адзінаццаць дзяцей сваіх і пераправіўся бродам праз Яббок. Узяўшы і перавёўшы іх праз паток, ён пераправіў таксама ўсё, што яму належала, і застаўся адзін.
І вось нейкі муж змагаўся з ім аж да раніцы. А калі ўбачыў, што не можа перамагчы Якуба, дакрануўся да сустава сцягна ягонага, і адразу звіхнуўся сустаў сцягна Якуба падчас змагання. І сказаў муж: Адпусці мяне, бо ўжо світае. Але Якуб адказаў: Не адпушчу, калі ты не благаславіш мяне. Той сказаў яму: Як цябе зваць? Ён адказаў: Якуб. Тады муж сказаў: Адгэтуль не будзеш звацца Якубам, але Ізраэлем, бо ты змагаўся з Богам і людзьмі і перамог! Якуб спытаўся ў яго: Прашу цябе, назаві сваё імя. Той адказаў: Чаму пытаешся пра маё імя? І благаславіў яго там. Якуб жа даў гэтаму месцу назву Пэнуэль, кажучы: Я бачыў Бога тварам ў твар, і застаўся жывым.
І ўзышло сонца над ім, калі ён пераходзіў праз Пэнуэль. І ён кульгаў на сцягно. З гэтай прычыны сыны Ізраэля аж да сённяшяга дня не спажываюць жылы, якая ў суставе сцягна, таму што Якуб быў крануты ў жылу сцягна.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 17 (16), 1. 2-3. 6-7. 8 і 15 (Р.: 15а)
Рэфрэн: Я ў справядлівасці ўбачу Тваё аблічча.
1. Пачуй, Пане, маю справядлівасць, *
выслухай маю просьбу,
прымі маю малітву *
з непадманлівых вуснаў.
Рэфрэн:
2. Ад аблічча Твайго няхай выходзіць прысуд мой, *
няхай бачаць вочы Твае праведнасць.
3. Ты праверыў маё сэрца і ноччу мяне наведаў, *
выпрабоўваў мяне і не знайшоў несправядлівасці ўва мне.
Рэфрэн:
6. Я клічу Цябе, бо Ты выслухаеш мяне, Божа; *
схілі вуха Тваё да мяне, пачуй мае словы.
7. Пакажы цуды міласэрнасці сваёй, †
Збаўца, які ратуеш ад ворагаў тых, *
хто спадзяецца на Тваю правіцу.
Рэфрэн:
8. Сцеражы мяне, як зрэнку вока, *
у цені Тваіх крылаў схавай мяне.
15. Я ў справядлівасці ўбачу Тваё аблічча, *
калі прачнуся, буду насычацца Тваім абліччам.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 14
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Я — добры пастыр, — кажа Пан, —
і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 9, 32–38
Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Прывялі да Езуса нямога чалавека, апанаванага злым духам. І калі злы дух быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І людзі казалі са здзіўленнем: Ніколі не было такога ў Ізраэлі. А фарысеі казалі: Князем дэманаў Ён выганяе злых духаў.
Абходзіў Езус усе гарады і вёскі, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач.
Убачыўшы натоўпы людзей, Ён злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра.
Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні