Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

VI Велікодная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 15, 1-2. 22-29
Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Некаторыя з тых, хто прыйшоў з Юдэі, вучылі братоў: Калі не будзеце абрэзаныя паводле звычаю Майсея, не зможаце быць збаўленымі.

Калі распачалася немалая спрэчка і змаганне Паўла і Барнабы з імі, было вырашана, што Павел і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх пойдуць у гэтай справе да Апосталаў і старэйшых у Ерузалем.

Апосталы і старэйшыя разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу – мужоў, якія былі першымі сярод братоў, пастанавілі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабаю. І праз іх выслалі такі ліст:

Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў язычніцкага паходжання ў Антыёхіі, Сірыі і Кілікіі. Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, пахіснуўшы вашыя душы. Таму мы згодна пастанавілі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі, якія аддаюць жыццё сваё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста. Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі. Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна: устрымлівайцеся ад ахвяраў ідалам і ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 67 (66), 2-3. 5. 6 і 8 (Р.: 4)

Рэфрэн: Няхай усе народы славяць Цябе, Божа.
Або: Аллелюя.

4. Няхай Бог змілуецца над намі і благаславіць нас, *
няхай заззяе аблічча Яго над намі,
каб на зямлі мы спазналі Ягоную дарогу, *
між усімі народамі Яго збаўленне.

Рэфрэн:

5. Няхай весяляцца *
і радуюцца ўсе плямёны,
бо Ты судзіш народы паводле праўды *
і плямёнамі на зямлі кіруеш.

Рэфрэн:

6. Няхай славяць Цябе народы, Божа, *
няхай славяць Цябе народы ўсе.
8. Няхай Бог нас благаслаўляе, *
няхай баяцца Яго ўсе межы зямлі.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Ап 21, 10-14. 22-23
Паказаў мне святы горад Ерузалем, які сыходзіў з неба

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога Яна.

І ўзнёс мяне ў захапленні анёл на вялікую і высокую гару, і паказаў мне святы горад Ерузалем, які сыходзіў з неба ад Бога і меў Божую славу.

Ззянне ягонае падобнае да каштоўнага, быццам яшма, каменя, чыстага як крышталь. Меў ён мур вялікі і высокі, меў дванаццаць брамаў, а на брамах – дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля. З усходу тры брамы і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы. І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Ягняці.

А святыні ў ім я не бачыў, бо святыня ягоная – гэта Пан Бог Усемагутны і Ягнё. І гораду не патрэбны ні сонца, ні месяц, каб яму свяцілі, бо слава Божая асвятліла яго, а светач ягоны – Ягнё.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 14, 23

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, – кажа Пан, –
і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 14, 23-29
Дух Святы нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, але Айца, які паслаў Мяне.

Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшальнік, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам.

Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: Адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.

І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта адбудзецца.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Велікодны перыяд, Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"