Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

V Велікодная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 14, 21b-27
Расказалі Касцёлу, як шмат Бог учыніў з імі

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Павел і Барнаба вярнуліся ў Лістру, у Іконію ды Антыёхію, умацоўваючы душы вучняў і заахвочваючы іх трываць у веры, бо нам трэба прайсці праз многія цярпенні, каб увайсці ў Божае Валадарства. Рукапаклаўшы ім у кожным Касцёле прэзбітэраў, у малітве і посце даручылі іх Пану, у якога паверылі.

Прайшоўшы праз Пісідыю, прыбылі ў Памфілію. І, абвясціўшы слова ў Пэргэ, сышлі ў Аталію. Адтуль адплылі ў Антыёхію, дзе былі даручаныя ласцы Божай на справу, якую выканалі.

Калі прыйшлі туды і сабралі Касцёл, расказалі, як шмат Бог учыніў з імі і як Ён адчыніў брамы веры язычнікам.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 145 (144), 8-9. 10-11. 12-13ab (Р.: пар. 1)

Рэфрэн: Буду благаслаўляць імя Тваё навекі, Бог і Валадар мой.
Або: Аллелюя.

8. Шчодры і міласэрны Пан, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Пан добры да ўсіх, *
і міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі.

Рэфрэн:

10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні *
і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
і магутнасць Тваю абвяшчаюць.

Рэфрэн:

12. Няхай сыны чалавечыя даведаюцца пра Тваю магутнасць *
і пра веліч славы Твайго Валадарства.
13. Валадарства Тваё — валадарства ўсіх вякоў, *
і панаванне Тваё — з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Ап 21, 1-5а
Вытра Бог кожную слязу з вачэй іхніх

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога Яна.

Я, Ян, убачыў новае неба і новую зямлю. Бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.

І ўбачыў святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха. І пачуў я гучны голас з трона, які казаў: Вось скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць Ягоным народам, і Ён будзе “Богам з імі”. І вытра кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула.

І сказаў той, хто сядзеў на троне: Вось чыню ўсё новае.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 13, 34

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Новую запаведзь даю вам, – кажа Пан, –
каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 13, 31-33а. 34-35
Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Калі Юда выйшаў з вячэрніка, Езус сказаў: Цяпер услаўлены Сын Чалавечы, а Бог услаўлены ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі.

Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Велікодны перыяд, Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць