Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Пальмовая нядзеля або Нядзеля Мукі Пана, Год С

ПРАЦЭСІЯ З ПАЛЬМАМІ

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 28–40
Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Ерузалем.

І калі Ён наблізіўся да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх, кажучы: Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і, калі ўвойдзеце ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце.

А калі нехта спытаецца ў вас, навошта адвязваеце, скажыце яму так: Яно патрэбна Пану.

Пасланцы пайшлі і знайшлі ўсё так, як сказаў ім. А калі яны адвязвалі асляня, гаспадары яго запыталі іх: Навошта адвязваеце асляня?

Яны адказалі: Яно патрэбна Пану.

І прывялі яго да Езуса, і, накінуўшы на асляня сваё адзенне, пасадзілі Езуса. І калі Ён ехаў, рассцілалі адзенне сваё на дарозе. А калі наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам славіць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі, кажучы:
Благаслаўлёны Кароль,
які ідзе ў імя Пана!
Спакой у небе
і хвала на вышынях!

Некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўнік, забарані вучням Тваім.

А Ён адказаў: Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць.

Гэта слова Пана.

 

ІМША

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 50, 4–7
Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і ведаю, што не зазнаю сораму

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Пан Бог даў Мне мову мудрых, каб Я ведаў, як словам падтрымаць знясіленага. Кожную раніцу Пан будзіць Мяне, абуджае слых Мой, каб Я слухаў Яго, як вучань. Пан Бог адкрыў вуха Маё, і Я не запярэчыў, не адступіў назад.

Плечы свае я падставіў тым, хто б’е, і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду Маю. Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і аплявання.

Пан Бог дапамагае Мне, таму Я не буду асаромлены, таму зрабіў Я твар свой, як цвёрды камень, і ведаю, што не зазнаю сораму.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 22 (21), 8–9. 17–18а. 19–20. 23–24 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Божа, мой Божа, чаму мяне пакінуў?

8. Усе, хто бачыць мяне, насміхаюцца з мяне, *
адкрываюць вусны і галавой ківаюць:
9. Ён спадзяваўся на Пана, няхай жа вызваліць яго, *
няхай уратуе, калі Яму ён любы.

Рэфрэн:

17. Сабакі акружылі мяне, *
зборышча злачынцаў мяне абступіла,
прабілі рукі мае і ногі. *
18. Я магу палічыць усе мае косці.

Рэфрэн:

19. Яны дзеляць вопратку маю між сабою *
і жэрабя кідаюць аб адзежы маёй.
20. Але Ты, Пане, не адыходзь ад мяне; *
сіла мая, паспяшайся мне на дапамогу.

Рэфрэн:

23. Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, *
на сходзе буду праслаўляць Цябе.
24. Вы, што баіцеся Пана, праслаўляйце Яго. †
Усё патомства Якуба, усхваляй Яго. *
Няхай баіцца Яго ўсё патомства Ізраэля!

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Флп 2, 6–11
Прынізіў сябе, таму Бог узвысіў Яго

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць на роўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы, як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Флп 2, 8–9

Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.

Хрыстус прынізіў сябе,
будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай.
Таму Бог узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя

Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.

Чытанне ці спеў апісання Мукі Пана адбываецца без свечак і без каджэння над кнігай. Лектар

не вітае людзей і не робіць знакаў крыжа над кнігай і на сабе.

Муку Пана могуць чытаць дыяканы ці святары наперамен з хорам. Калі неабходна, целебрант чытае словы Хрыста. Муку Пана могуць чытаць таксама свецкія, але словы Хрыста, пажадана, каб чытаў целебрант. Колькасць чытачоў залежыць ад абставінаў.

Толькі дыяканы перад спяваннем Мукі Пана просяць цэлебранта аб благаслаўленні, як звычайна перад Евангеллем. Для зручнасці чытання Мукі Пана ў тэксце змешчаны наступныя знакі:
Е. — словы Хрыста
Ев. — словы евангеліста
І. — словы адной асобы
Л. — словы некалькіх асобаў

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 23, 1-49
Мука Пана нашага Езуса Хрыста.

Езус перад Пілатам

Ев. У той час падняліся старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі і павялі Яго да Пілата. Пачалі вінаваціць Яго, кажучы: Л. Мы знайшлі, што Ён зводзіць народ наш і забараняе плаціць падатак цэзару, і гаворыць, што Ён Месія-Кароль. Ев. Пілат жа спытаўся ў Яго: І. Ты Кароль юдэйскі? Ев. Ён сказаў яму ў адказ: Е. Ты кажаш. Ев. Тады Пілат сказаў першасвятарам і народу: І. Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку. Ев. Але яны настойвалі, кажучы: Л. Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль. Ев. Калі Пілат пачуў пра Галілею, спытаўся, ці гэты чалавек галілеец? І, даведаўшыся, што Ён з краіны Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні таксама быў у Ерузалеме.

Езус перад Ірадам

Ірад, калі ўбачыў Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў убачыць Яго, таму што чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць які-небудзь Ягоны цуд. І задаў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога яму не адказаў. А першасвятары і кніжнікі стаялі і заўзята вінавацілі Яго. Тады Ірад са сваімі жаўнерамі зняважыў Яго і насмяяўся над Ім, апрануў Яго ў бліскучае адзенне і адаслаў да Пілата. І ў той дзень Пілат і Ірад сталі сябрамі паміж сабою, бо раней яны былі ў варожасці.

Езус зноў перад судом Пілата

Пілат склікаў першасвятароў, начальнікаў і людзей і сказаў ім: І. Вы прывялі да Мяне гэтага Чалавека, як таго, хто бунтуе народ. І вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым Чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце. Таксама і Ірад, бо адаслаў Яго да нас. І Ён не ўчыніў нічога вартага смерці. Таму я, пасля бічавання, адпушчу Яго. Ев. Ён быў абавязаны звольніць ім на свята аднаго вязня. Але яны закрычалі ўсе разам: Л. Забі гэтага, а адпусці нам Бараббу! Ев. Ён быў пасаджаны ў вязніцу за бунт, які адбыўся ў горадзе, і за забойства. Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса. Але яны крычалі: Л. Укрыжуй, укрыжуй Яго! Ев. Ён трэці раз сказаў ім: І. Што дрэннага зрабіў Ён? Я не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Я, пасля бічавання, адпушчу Яго. Ев. Але яны і далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі, і крык іх узрастаў. І Пілат вырашыў, каб сталася згодна з іх просьбай. І адпусціў ім пасаджанага ў вязніцу за бунт і забойства, якога яны прасілі, а Езуса аддаў іхняй волі.

Укрыжаванне Езуса

Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона кірынейца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус звярнуўся да іх і сказаў: Е. Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі. Тады пачнуць казаць гарам: упадзіце на нас; і пагоркам: накрыйце нас! Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім? Ев. Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў. І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: Е. Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць. Ев. І, дзелячы адзенне Ягонае, кінулі жэрабя. А людзі стаялі і глядзелі. І правадыры іхнія таксама насміхаліся, кажучы: Л. Іншых ратаваў, няхай уратуе сябе самога, калі Ён Месія, выбраны Богам. Ев. Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: Л. Калі Ты Кароль Юдэйскі, уратуй сябе самога. Ев. І быў над Ім надпіс: Гэта Кароль Юдэйскі. Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: І. Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас. Ев. Але другі папракнуў яго, кажучы: І. Нават Бога ты не баішся, бо церпіш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва і прымаем кару, вартую нашых учынкаў. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў. Ев. І сказаў: І. Узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства. Ев. І сказаў яму Езус: Е. Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі.

Смерць Езуса

Ев. І было каля шостай гадзіны, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. І Езус закрычаў моцным голасам: Е. Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой. Ев. І, сказаўшы гэта, сканаў.

Усе становяцца на калені і некаторы час захоўваюць маўчанне

Сотнік убачыў, што сталася, і ўславіў Бога, кажучы: І. Сапраўды, Чалавек гэты быў справядлівы. Ев. І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Вялікі пост, Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць