VІ Звычайная нядзеля, Год С
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 17, 5-8
Пракляты, хто спадзяецца на чалавека; благаслаўлёны, хто спадзяецца на Пана
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
Так кажа Пан:
Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека і ў целе бачыць сваю сілу, а сэрца сваё адварочвае ад Пана. Ён будзе як ядловец у стэпе, не ўбачыць, калі прыйдзе шчасце, але будзе жыць у высахлых месцах на пустыні, на салёнай і бязлюднай зямлі.
Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога – Пан. Ён будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным. І ў год засухі яно не будзе хвалявацца і не перастане прыносіць плён.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 1, 1-2. 3. 4 і 6 (Р.: Пс 40 (39), 5а)
Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.
1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных, *
і між насмешнікаў не засядае;
2. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.
Рэфрэн:
3. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.
Рэфрэн:
4. Не такі лёс бязбожных: *
яны, як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 15, 12. 16-20
Калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос з мёртвых, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння мёртвых?
Бо, калі мёртвыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстус не ўваскрос. А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых. Тады загінулі і памерлыя ў Хрысце. І калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей.
Але цяпер Хрыстус уваскрос з мёртвых, Першынец сярод тых, якія заснулі.
Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 6, 23аb
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Радуйцеся і весяліцеся, – кажа Пан, –
бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 6, 17. 20-26
Шчаслівыя ўбогія. Гора вам, багатыя
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне. І быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжных ваколіц Тыра і Сідона.
Тады Ён узняў вочы свае на вучняў сваіх і сказаў:
Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.
Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.
Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас, і будуць зневажаць, і з-за Сына Чалавечага адкінуць імя вашае, як зло. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.
Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне. Гора вам, якія цяпер сытыя, бо галадаць будзеце. Гора вам, якія цяпер смеяцеся, бо смуткаваць і плакаць будзеце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас, бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні