Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада III звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 10, 11-18
Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі асвячаных

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Кожны святар штодзённа стаіць у служэнні і шмат разоў прыносіць адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць знішчыць грахоў.

А Езус Хрыстус, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога, чакаючы таго часу, калі ворагі Ягоныя будуць пакладзены як падножжа ног Ягоных. Бо Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі асвячаных.

Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо сказана: Вось запавет, які ўстанаўлю з імі пасля гэтых дзён, – кажа Пан: укладу законы Мае ў іхнія сэрцы, і запішу іх у розуме іхнім, а грахоў і беззаконняў іх больш не ўспомню.

А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там ужо няма ахвяры за іх.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 110 (109), 1. 2. 3-4 (Р.: 4bc)

Рэфрэн: Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.

5. Пан сказаў майму Пану: *
Сядай праваруч мяне,
пакуль не пакладу ворагаў Тваіх *
да падножжа Твайго.

Рэфрэн:

6. Жазло сілы Тваёй *
спашле Пан з Сіёну:
будзеш валадарыць *
сярод ворагаў Тваіх.

Рэфрэн:

7. З Табою панаванне ў дзень Тваёй моцы, у бляску святасці, *
з улоння перад світаннем нарадзіў Цябе.
8. Пан прысягнуў і не пашкадуе: *
Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Зернем ёсць Божае слова, сейбіт – Хрыстус;
кожны, хто Яго знайдзе, будзе жыць навекі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 4, 1-20
Выйшаў сейбіт сеяць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабраўся да Яго вялікі натоўп людзей, так што Ён увайшоў у човен і сядзеў у ім, на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора. Ён навучаў іх многаму ў прыпавесцях і казаў ім у сваім вучэнні:

Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала ўскрай дарогі, і прыляцелі птушкі, і падзяўблі яго. Іншае ўпала на камяністую глебу, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая. А калі ўзышло сонца, завяла, бо не мела карэння, і засохла. Іншае ўпала паміж цёрну, і вырас цёрн, і заглушыў яго, так што не дало плоду. Іншае ўпала на добрую глебу і дало плён, які ўзышоў і вырас. І прынесла плён адно ў трыццаць, другое ў шэсцьдзесят, а іншае – ў сто разоў большы.

І сказаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

А калі застаўся адзін, пыталі ў Яго тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццацю аб прыпавесці. І Ён сказаў ім: Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях, каб яны глядзелі, і не бачылі, слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і каб не было даравана ім.

І сказаў ім: Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці?

Сейбіт сее слова. Пасеянае ўскрай дарогі – гэта тыя, у кім сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх. Пасеянае на камяністай глебе – гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго, але не мае ў сабе кораня, і яны нясталыя. Потым, калі настане ўціск і пераслед за слова, адразу губляюць веру. Пасеянае ў цернях – гэта тыя, хто чуе слова, але турботы свету, зман багацця ды іншыя прагненні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно застаецца бясплённым. А пасеянае на добрай глебе – гэта тыя, хто слухае слова, і прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзесят, а іншы – ў сто разоў большы.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.