Пятніца — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 10, 8–11
Вазьмі і праглыні кнігу

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, чуў голас з неба, які зноў гаварыў са мною і казаў: Ідзі, вазьмі разгорнутую кнігу з рукі Анёла, які стаіць на моры і на зямлі.

І я пайшоў да Анёла, і сказаў яму: Дай мне кніжку. Ён адказаў мне: Вазьмі і праглыні яе. Яна будзе горкая для жывата твайго, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд. І ўзяў я кніжку з рукі Анёла, і праглынуў яе. У вуснах маіх яна была салодкая, як мёд. А калі з’еў яе, то горка зрабілася ў жываце маім.

І сказалі мне: Ты зноў павінен прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і пра многіх каралёў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 14 і 24. 72 і 103. 111 і 131 (Р.: 103а)

Рэфрэн: Якія салодкія словы Твае, Пане.

14. Шляху сведчанняў Тваіх я радуюся *
больш за ўсе багацці.
24. Тваё ж сведчанне — гэта маё суцяшэнне, *
парада для мяне.

Рэфрэн:

72. Закон вуснаў Тваіх для мяне лепшы, *
чым мноства золата і срэбра.
103. Якія салодкія словы Твае для майго паднябення, *
саладзейшыя за мёд для маіх вуснаў.

Рэфрэн:

111. Твае сведчанні — мая спадчына навекі, *
бо яны радасць майго сэрца.
131. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, *
бо прагну запаведзяў Тваіх.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 27

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 45–48
Вы зрабілі з Божага дома логава злодзеяў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус увайшоў у святыню і пачаў выганяць гандляроў, кажучы ім: Напісана: дом Мой ёсць домам малітвы, а вы зрабілі з яго логава злодзеяў.

І штодня вучыў у святыні. Але першасвятары, і кніжнікі і старэйшыя народу шукалі, як забіць Яго. І не знаходзілі, што ўчыніць Яму, бо ўвесь народ, затаіўшы дыханне, слухаў Яго.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Пятніца

Друкаваць